Якім разнастайным і дзіўным быў 2023 год. Ён прыносіў нам і радасці, і расчараванні, і новыя эмоцыі, і паўтарэнне старых. Ужо неўзабаве, у новым годзе, рэдакцыя Orsha.eu пачне падводзіць вынікі 2023 году для Аршаншчыны на базе ўласных публікацыяў, самых важных навін на кожны месяц. Але вы, паважаныя чытачы, напэўна, падводзіце вынікі гэтага году для сябе ўжо ў гэтыя імгненні.
Наша старонка недаступная са звычайнага інтэрнэт-падлучэння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Без тлумачэння прычын гэтага доступу нас пазбавілі. Аднак мы не складаем рукі ў бездапаможнасці, а працягваем працаваць для вас, дзеля будучыні Воршы і нашага краю.
Мы верым, што нават цяжкасці вас не застрашылі, не дэматывавалі. Можа вы і не сустрэліся з тымі, каго любіце і хочаце бачыце. Або ж гэтыя сустрэчы былі рэдкімі і кароткімі. То зычым вам зрабіць нязробленае ўжо ў 2024 годзе!
Напэўна, вы памятаеце, што зычылі адно аднаму летась перад навагоднім сталом. Не адступайце ад сваіх намераў і працягвайце рухацца сваёй дарогай!
Нехта з нас лічыць больш важным святам Каляды і ўжо адзначыў іх (25 снежня) ці толькі рыхтуецца адзначыць (7 студзеня). Нехта не менш шануе апошнія трапяткія секунды году, які сыходзіць і чакае магічных першых секундаў новага.
Рэдакцыя Orsha.eu шчыра зычыць вам натхнення, сілаў і здароўя! Каб на вашых сталах елася і пілося, у асабістым жыцці хацелася і маглося, а ў працы і пры дасягненні вашых добрых мэтаў усё добра вялося.
І яшчэ. Кажуць, што 2024 год высакосны, не варта чакаць нічога добрага, усё абавязкова праваліцца. Не верце, рабіце тое, што рабілі і будзе вам шчасце, настойлівыя і адданыя дасягаюць сваёй мары!
З новым 2024 годам, сябры!