12:00

-1

8 м/с

981 гПа

15:00

+0

8 м/с

981 гПа

18:00

+1

7 м/с

981 гПа

21:00

-1

5 м/с

980 гПа

00:00

-0

3 м/с

979 гПа

Орша, Политика

Блог. 100 гадоў без Леніна

21.01.2024 10:00

940 просмотров, 0 комментариев

У гэты дзень у 1924-м памёр правадыр Кастрычніцкага перавароту.

21 студзеня 1924 году пасля працяглай хваробы і практычна страты працаздатнасьці пакінуў гэты свет правадыр сусветнага пралетарыяту Уладзімір Ільіч Ленін (Ульянаў). Прайшло роўна 100 гадоў. Асоба, вакол якой спрэчкі ідуць дагэтуль. Выхадзец з расейскай дваранскай сям’і замест кар’еры адваката пачаў займацца вывучэннем работаў Карла Маркса, быў у высылцы, затым пакінуў Расею на доўгія 17 гадоў, каб вярнуцца ў Петраград на само паўстанне 1917 году. Наперадзе будуць гады эміграцыі ў Швейцарыі і іншых краінах, тысячы старонак працаў пра камунізм, рэвалюцыі, уладкаванне жыцця ў краіне, усясветную пралетарскую рэвалюцыю, змаганне з буржуазіяй.

Ленін прыбудзе ў Петраград са сваёй жонкай Надзеждай Крупскай і каханкай Інэсай Арманд, будзе шчыра думаць аб тым. што зараз іх усіх арыштуюць пры выхадзе на перон. Аднак Леніна сустракаюць як правадыра, той выступае са знакамітай прамовай на Фінляндскім вакзале, ускараскаўшыся на выкачаны пад гэтую справу з гаражоў бранявік. Ён і ягоныя паплечнікі, найперш Грыгорый Зіноўеў і заўсёды энергічны Леў Троцкі, актыўна выступаюць і заклікаюць замацоўваць поспех перавароту. Слова «рэвалюцыя» ў прымяненні да тых падзей з’явіцца нашмат пазней. Затым будзе шмат загадаў асабіста Леніна на забойствы і рэпрэсіі шматлікіх людзей, якіх ён ад імя пралетарыяту аб’явіў ворагамі. Ідзе бязлітаснае змаганне з цэрквамі, святароў караюць так жорстка, быццам на двары Сярэднявечча, а не пачатак ХХ стагоддзя.

Па празе крыві Зіноўеў, Каменеў, Троцкі, Свердлаў і іншыя дзеячы не толькі не саступаюць, а часам пераўзыходзяць Леніна. Дарэчы, з Зіноўевым Ленін быў у знакамітым «шалашы» — будане пад фінскай мяжой пасля таго, як яго шукала «царская охранка». Ад паліцыі тады Ільіч уратаваўся паспяхова. Проста згадваць Зіноўева пазней стане недарэчна ў сувязі з рэпрэсіямі. Але да іх яшчэ будзе шмат загадаў, спробы «экспарту» рэвалюцыі, палымяныя прамовы, у якіх сябе зарэкамендуе яшчэ і Міхаіл Калінін, бальшавік, які не хацеў самай высокай улады і таму, імаверна, застаўся жывым у мясарубцы 30-х, калі Іосіф Сталін расправіцца практычна з усімі, хто працаваў з Леніным ці ведаў яго. Нават з Троцкім, які ўцячэ ў Мексіку.

Яшчэ ў 1919-м Ленін моцна захварэў, і з часам стан ягонага здароўя рабіўся ўсё горшым. Ён лячыўся ў Горках пад Масквой і ў апошнія месяцы жыцця ў апошні раз прыехаў у Крэмль. Паводле адной з версій, візіт быў нечаканым, бо Ленін проста папрасіў кіроўцу адвесці яго ў Маскву, у Крэмль, не папярэджваючы нікога. Паводле яшчэ адной версіі, Ленін не далічыўся ў сваім кабінеце нейкіх важных дакументаў. Але пра апошнія месяцы ягонага жыцця шмат розных домыслаў, непацверджанасці, недахопу інфармацыі. Некаторыя аўтары кніг пра Леніна выказваюць падазрэнні, што не са сваёй волі адправіўся на той свет у 1919-м кіраўнік Усерасейскага цэнтральнага выканаўчага камітэту Якаў Свердлаў. Ходзіць версія, што Свердлаў імкнуўся ўзначаліць СССР, і нібыта менавіта ён паслаў да Леніна Фані Каплан, якая параніла Леніна. І нібыта Свердлаў пастараўся, каб Каплан пасля гэтага хутка расстралялі, каб ён «замёў сляды». І таксама кажуць, што Ленін дазнаўся ці здагадаўся, што гэта «Яша» паслаў эсэрку яго забіваць. І быццам сказаў аб гэтым, сустрэўшыся са Свердлавым у апошнія гадзіны жыцця таго. Праўда гэта ці не, мы, напэўна, ужо ніколі не даведаемся.

Пасля смерці Леніна ў 1924-м ягоная ўдава Надзежда Крупская прасіла Палітбюро не ставіць яму помнікаў і не сьпяваць одаў. Маўляў, самому Ільічу гэта бы не спадабалася. Але кіраўніцтва партыі ўжо не слухала Крупскую. Яе нават не называлі «ўдавой Леніна», а толькі «жонкай Леніна», бо строга абралі курс — з Леніна трэба зрабіць боства. Менавіта таму выдалі распараджэнне аб пабудове Маўзалею на Краснай плошчы Масквы. На нейкі час туды «падсялілі» Сталіна пасля смерці ў 1953-м, але праз нейкі час вынеслі. А вось Леніна пакінулі, і ён застаецца там дагэтуль. Патрабаванні вынесці ягонае цела гучаць па сёння, маўляў, «трупам не месца ў цэнтры Масквы». Пры гэтым забываюць не толькі пра дзясяткі камуністычных дзеячоў, пахаваных каля крамлёўскай сцяны ці ўмураваных у яе, але і пра звыш 300 камсамольцаў, якія загінулі «за рэвалюцыйную справу». Фактычна якраз на месцы іх братэрскіх магіл пабудавалі маўзалей.

У Воршы Уладзімір Ленін ніколі не быў, але яму ў нашым горадзе стаіць самы вялікі на Віцебскую вобласць помнік у стылі «манументальнай прапаганды». Прычым паставілі помнік ажно ў 1987 годзе. Паводле адной з версій, гэта самы позні помнік, пастаўлены камуністычнаму ідалу ў Беларусі ў савецкі час.

Натуральна, у часы Галоснасці, а пазней па набыцці Беларуссю незалежнасці, людзям, якія не адгароджваліся ад інфармацыі, стала вядома пра злачынствы бальшавікоў, а таксама пра тое, што зло, прынесенае камуністычнымі ўладамі, зыходзіла не ад аднаго Сталіна і не толькі ў 30-я гады, але ва ўсе дзесяцігоддзі чырвонай улады. Пра асобу Леніна спрачаюцца, аднак многія даследчыкі прыходзяць да высновы, што калі б Ільіч не захварэў і застаўся кіраваць дзяржавай, крыві бы менш не стала, рэпрэсіі бы працягваліся і ўзмацняліся.

Сярод прапаганды, якая малявала Леніна найвялікшым з вялікіх, было і нямала забаўных момантаў. Напрыклад, нідзе не згадвалася пра тое, што ў свой час ягоная сям’я набыла цэлую вёску. Такі факт з біяграфіі правадыра мог бы пахіснуць веру піянераў у пралетарскае паходжанне ўсіх лідэраў партыі. Як гэта так, атрымліваецца, у СССР арыштоўваюць за схаваны бохан хлебу для сваёй сям’і, а сам Ленін паходзіць з сям’і дваран, якая шмат магла сабе дазволіць? Ці яшчэ момант: пасля смерці правадыра бальшавіцкія ўлады праз пісьменнікаў прасунулі ў масы выраз «дедушка Ленин». Пры тым, што ў рэальным жыцці «дзядуля» не меў нават дзяцей, не тое што ўнукаў. А Надзежда Крупская, не маючы тых самых дзяцей, пісала работы пра тое, як дзяцей трэба выхоўваць.

У 2011-м годзе 31 сакавіка Цэнтральную плошчу Воршы ачапілі — невядомы штукар патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў, што помнік Леніну замінавалі. Бомбы не знайшлі. Але ўжо неўзабаве, праз тры гады помнікі Леніну пачалі ўзрывацца і падаць па ўсёй Украіне. Расея пры нападзе на Украіну пачала помнікі Леніну і іншым камуністычным бонзам вяртаць. Пры тым, што Ленін пры жыцці замяніў расейскі «трыкалор» на чырвоны сцяг пралетарскай барацьбы. Але для Масквы важней іншы наратыў — помнік Леніну ён як «самая смачная каўбаса» ці «таннае марозіва» пры СССР, як Пушкін з вершамі, як балет Бальшога тэатру, як паўсюдная расейская мова, якая, паводле выказвання Пуціна, вызначае сапраўдныя межы Расеі. Беларусы і ўкраінцы, якія даўно адчулі гэта, яшчэ з 90-х абмалёўвалі помнікі Леніну, раскідвалі антыкамуністычныя ўлёткі, прыносілі да помніка Леніну вянок з чарапамі, як памерлы ў турме пасля зьдзекаў прарасейскай улады ў 2021-м годзе Вітольд Ашурак. Прынесеныя чарапы як нішто яскрава сімвалізавалі імперыю, у якую Ленін і кампанія на доўгія сем дзесяцігоддзяў зацягнулі беларускі народ, разагнаўшы БНР, вымачалі беларусаў у іх уласнай крыві, пазбавілі мільёны чалавек гістарычнай памяці і будучыні. Агулам па Беларусі каля 400 помнікаў Леніну!

Цяпер у Воршы помнік Леніну дагэтуль стаіць на Цэнтральнай плошчы, паўз якую праходзіць галоўная вуліца горада — канечне ж, Леніна. Каля чыгуначнага дэпо бюст Леніна, на праспекце Тэкстыльшчыкаў яшчэ адзін помнік.

На чыгуначным вакзале вісіць шыльда Леніну, які ніколі ў Воршы не бываў (калі не лічыць праездам на цягніку), хаця ў сілу свайго высокага інтэлекту і эрудыцыі (чаго не адмаўляюць нават ягоныя зацятыя праціўнікі!) не толькі ведаў пра Воршу, але, імаверна, мог расказаць сёе-тое з гісторыі нашага горада.

Гэтыя атрыбуты — сярод тых шрубоў, якія дагэтуль трымаюць нас у «русском мире», з Масквой як цэнтрам Сусвету, расейскай мовай як асноўнай мовай жыццядзейнасці, з вечнай нянавісцю да ўсіх, хаця мы карыстаемся тымі выгодамі, якія створаныя амаль выключна на тым «гнілым Захадзе». Ленін не ва ўсім вінаваты, не ўсё стварыў, але шмат што нізкае развіў і шмат да чаго спрычыніўся і натхніў.

Неабходна сказаць і яшчэ пра адзін момант. Якім бы ні быў Ленін, думкі пра «праплачанага агента Германіі», «пламбаваны вагон», «місію Парвуса» выклікаюць скепсіс. Трэба запомніць — ніякая рэвалюцыя, ніякі пераварот немагчымыя ў краіне, дзе няма для гэтага перадумоў. У царскай Расеі яны былі, і такія ўмовы будуць у кожнай краіне, дзе тварылася несправядлівасць, дзе няма свабоды, дзе пануе дэспатызм і самадурства. Царызму не прабачылі расстрэлаў у 1905 годзе дэманстрацый працоўных, калі мірныя маршы, у тым ліку ў Менску, былі расстраляныя салдатамі. У кожнай краіне, дзе адбывалася падобнае, ёсць палітыкі, якія аднойчы вернуцца ў сталіцу ў сваім чыгуначным вагоне...

Кірыла Заблоцкі

Подпишись на новости!

Подпишись на новости Орши и региона и будь первым, кто узнает самое важное и интересное

Обсуждение новости: Блог. 100 гадоў без Леніна

У гэты дзень у 1924-м памёр правадыр Кастрычніцкага перавароту.

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты [email protected]

Пользовательское соглашение