Раней Orsha.eu пісаў пра годны ўчынак дваіх аршанцаў, якія на вуліцы Астроўскага познім вечарам 5 лютага выратавалі з агню пенсіянерку.
Адзін з герояў гісторыі быў у гасцях у сябра, калі заўважыў з вакна суседскай кватэры дым. Ён вырашыў дзейнічаць самастойна не чакаючы пакуль прыедзе лужба 101. Ён змог зайсці ў кватэру дзе пабачыў 84-гадовую жанчыну, якая стаяла на кухні сярод дыма і вагню. Жанчына была жывая і ў прытомнасці, але не разумела што адбываецца. А там гарэла мэбля.
Мужчына вывеў пенсіянерку з вагню, а ягоны прыяцель у гэты час выклікаў МНС і самастойна заліваў вагонь вадой. У выніку пакуль ратавальнікі прыехалі, пажар ужо быў патушаны. Пенсіянерку, праўда, усё адно адправілі ў лякарню, каб правесці дадатковы агляд.
Цяпер узнагарода знайшла герояў, ратавальнікі назвалі іхныя імёны. У канцэртнай залі Дзіцячай школы мастацтваў № 1 ім уручылі граматы на Адзіным дні інфармавання. Героі — Артур Бекташ і Сяргей Манулік.
Падзяка начальніка раённага аддзелу надзвычайных сітуацый аб’яўлена аршанцам за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры выратаванні людзей на пажары.