Футбалісты «Воршы» 9 чэрвеня гасцявалі ў Гомлі ў «Лакаматыва». Пасля першай паловы гадзіны гамельчыкі адкрылі лік. Але радаваліся заўзятары чыгуначнага калектыву зусім нядоўга. Пас уразрэз знайшоў на мяжы карнай пляцоўкі Дзмітрыя Ціхамірава, той прасунуўся з мясом далей і стрэліў міма брамніка — 1:1.
У другой палове каманды мелі толькі паўмоманты, вялікіх магчымасцяў амаль не стварылі. Канчатковы лік сустрэчы 1:1. Як па-мастацку кажуць у спорце, гульня прыйшла ў «нічыйную гавань».
Галоўнаму трэнеру «Воршы» Мікалаю Кітаёву ўдалося паўтарыць статыстыку Юрыя Канаплёва ў 2016-м годзе. Менавіта тады, 8 гадоў таму аршанцы таксама мелі 4 нічыіх запар і таксама стартавалі ў І лізе з 6 нічыіх у 10 першых турах, заўважыў блог гісторыі і статыстыкі «Радыё Аршыца». Цікава, што тады Мікалай Кітаёў быў дзейным футбалістам. Такім чынам, ён паўдзельнічаў у своеасаблівай «нічыйнай ліхаманцы» і як гулец, і як трэнер.
Пры гэтым у Юрыя Канаплёва ёсць іншае дасягненне з аршанцамі — найвышэйшае месца ў беларускім першынстве за ўсе гады незалежнасці — 7-е. Ці здолее Кітаёў на чале калектыву паўтарыць ці пераўзысці яго, пакажа час. Пакуль вядомы стралец, на рахунку якога 95 галоў у афіцыйных матчах за «Воршу», толькі пачаў працаваць як галоўны трэнер.
Пакуль турнірнае становішча стартаўцаў выклікае трывогу. Каманда на 15-й пазіцыі ў табліцы і вядзе барацьбу за выжыванне. За 10 першых тураў здабытая толькі адна перамога. Заўзятары спадзяюцца, што аршанцы набяруць тры пункты ўжо ў наступным туры з другой камандай сталічнага «Дынама».