У № 27 украінскага часопісу «Всесвіт» за 1928 год апублікаваная нататка А.Паніна пра наш горад. На пачатку артыкулу аўтар задаецца пытаннем, ці шмат ведаюць украінцы пра суседзяў-беларусаў. Даведацца болей пра беларускую культуру і народ тады якраз і адправіліся ўкраінцы.
Варта адзначыць, што пытанне не траціць сваёй актуальнасці і сёння, праз 97 гадоў пасля публікацыі. У той час, у 1928 годзе яшчэ праходзіла нацыянальная палітыка ў СССР, дзякуючы якой падтрымку атрымлівалі нацыянальныя мовы. Ужо неўзабаве Іосіф Сталін згорне яе і пачнецца ўзмоцненая русіфікацыя, а нацыянальныя мовы, асабліва беларуская і ўкраінская, пачнуць выціскацца з усіх сфераў жыцця, у БССР і УССР масава пачнуць завозіць «спецыялістаў», вядома ж, з Расеі, каб змяніць аблічча гарадоў і найбольш інтэнсіўна іх русіфікаваць.
Тады ж яшчэ была іншая палітыка, дзякуючы якой культурны абмен і рахвіццё нацыянальнай культуры былі ў прыярытэце. Агулам часопіс «Всесвіт» быў заснаваны роўна 100 гадоў таму, у студзені 1925 году мецэнатам Васілём Элланам-Блакітным. Спачатку ён выходзіў у Харкаве пад назвай «Універсальний ілюстрований двохтижневик». У заснаванні часопісу бралі ўдзел такія вядомыя ўкраінскія пісьменнікі, як Мікола Хвілявый і Аляксандар Даўжэнка. Сярод публікацый сустракаліся і краязнаўчыя нарысы, адзін з якіх якраз разгляданы пра Воршу.
Украінцы пабылі ў Савецкай Беларусі ўсяго тыдзень, праходзілі мяжу ў Негарэлым. У артыкуле напісана пра савецкае будаўніцтва, пра «Асінторф», прыводзяцца некаторыя беларускія вершы, гаворыцца пра сустрэчу з Якубам Коласам, Янкам Купалам, Міхасём Зарэцкім, Міхасём Чаротам. Цікава, што ў артыкуле прыводзіцца цытата генеральнага сакратара ЦК КП (б)Б Вільгельма Кнорына пра тое, што «работнікі самі патрабуюць, каб на сходах з імі гаварылі па-беларуску». Куды больш вядомая беларусам сучаснасці іншае пра этнічнага латыша Кнорына, а менавіта тое, што ён не прызнаваў існавання самастойнай беларускай нацыі, хоць узначальваў партыйныя органы Беларусі.
У публікацыі сустракаюцца некалькі фотаздымкаў Воршы 1928 году.
На трэці дзень свайго візіту ўкраінскія госці цягніком за 4 гадзіны прыехалі ў Менску ў Воршу. У нашым горадзе аўтар апісвае наведванне касцёлу, на якім ужо вісіць шыльда «Аршаньскі акруговы сельска-гаспадарскі музэй» (відавочна, у некалькіх месцах публікацыі сустракаюцца памылкі і адрукоўкі, недакладная перадача беларускага класічнага правапісу, украінскае ўспрыняцце беларускіх словаў).
У частцы публікацыі пра наведванне Воршы гаворыцца пра паход на спектакль Першага Дзяржаўнага тэатру па п’есе рэжысёра тэатру А. Міровіча «Кастусь Каліноўскі». Згадваецца, што п’есу ставілі ў тэатры ўжо 105 разоў. На другі дзень тэатр на гастролях у Воршы паставіў спектакль «Мяшчанін у шляхецтве» па п’есе Мальера.
Пасля Воршы ўкраінская дэлегацыя заехала ў Асінторф на «Асінбуд», а потым згадвалася яшчэ нейкая вёска, відавочна, на Аршаншчыне, яе гонтавыя дахі, але без згадкі назвы населенага пункту.
У канцы чацвёртага дня ўкраінцы зноў завіталі ў Воршу, дзе сустрэліся з рабочымі і настаўнікамі на літаратурнай вечарыне і яшчэ раз наведалі выставу БДТ.
На жаль, новая палітыка савецкай дзяржавы, сталіншчына прывяла да таго, што часопіс «Всесвіт» расфармавалі ў 1934 годзе. Многія з людзей, якія бралі ўдзел у тым «культурніцкім абмене» ўкраінцаў і беларусаў апынуліся ў лагерах ці ў расстрэльных ямінах.