У свеце існуюць «рускія шашкі», від гульні на 64 клеткі замест «міжнародных», дзе гуляюць на 100 клетках. Але ёсць таксама і від шахаў, такая «рускія», якія яшчэ называюцца таўрэлямі. Чэмпіянат Еўропы ў гэтым відзе а-дбыўся ў Воршы з 4 па 6 студзеня. Усе медалі прадказальна ўзялі прадстаўніцы Расеі.
Золата дасталося Ксеніі Ганчаровай са Смаленску, срэбра здабыла Крысціна Якарава з Вялікіх Лук Пскоўскай вобласці, а замкнула тройку прызёраў мінулагодняя чэмпіёнка Аляксандра Грышчанка з горада Каралёў.
Нягледзячы на гучную назву «7-мы чэмпіянат Еўропы сярод жанчын», насамрэч у турніры выступалі прадстаўніцы толькі дзвюх краін — Беларусі і Расеі. Пры гэтым арганізатары не забылі аформіць афішу ў тым ліку і на англійскай мове.
Назва «таўрэлі» паходзіць ад слова «таўро» (кляймо). Гісторыя гульні сягае джахрысціянскіх часоў. Яшчэ ў часы князя Ўладзіміра гулялі ў сталбавыя шашкі, якія нагадвалі таўрэлі. Слова «рускія», натуральна, у сучаснай Расеі імкнуцца звязаць з самой Расеяй, але насамрэч яно адносіцца да Русі, а раскопкі выяўлялі косці ў выглядзе кубікаў і ромбаў на тэрыторыі Ноўгарадскай і Чарнігаўскай земляў (сучасныя Расея і Украіна адпаведна), якія ў Маскоўскае княства, як вядома, не ўваходзілі і мелі ў адрозненне ад таго дэмакратычную сістэму кіравання. У тагачасным разуменні.
Але часткі правобразу таўрэляў знаходзілі і ў Старой Разані. Расейскія навукоўцы лічаць, што з прыняццем хрысціянства на многіх землях таўрэлі апынуліся пад пагрозай, іх не любілі і лічылі язычніцкімі хрысціянскія іерархі. А ў часы Пятра І, які здзяйсняў набегі і пракатваўся войнамі па тэрыторыі сучаснай Беларусі, разбураючы храмы і забіваючы людзей, распаўсюдзіліся шахі (шахматы) індыйскага тыпу. Толькі ў 1990-х, ужо ў Расеі, гульня атрымала «другое дыханне».
Гульня вядзецца на звычайнай шахматнай дошцы 8×8. Назва таўрэляў у рускіх шахматах адрозніваецца ад прынятых, аднак склад фігур і правілы іх перамяшчэння практычна цалкам аднолькавыя. Правілы перамяшчэння таўрэляў, уключаючы ракіроўку і ўзяцце на праходзе, а таксама мэта гульні — мат, адпавядаюць звычайным шахам.
Каралю ў шахах у таўрэлях адпавядае волхв, гетману (ферзю) — князь, туры — ратаборац, вышніку (слану, афіцэру) — лучнік, каню — вершнік (на расейскай всадник), ніжніку (пешцы, латніку) — ратнік. А таксама ёсць фігура, якой у класічных (індыйскіх) шахах няма — хельга.