У лютым летась наш Ютуб-канал павёў новы праект пра краязнаўства. Шмат якія відэа ахапілі звесткі, якіх пра Аршаншчыну не расказваў ніхто ў інтэрнэце. Напрыклад, выйшлі цікавыя ролікі пра заснаванне «Тэхнікі сувязі» ў Барані і газету «Аршанскі веснік».
Цана праезду ў гарадскіх маршрутках падскочыла адразу на 30%.
На Талачыншчыне прыхаджанка манастыра вынесла з яго скрыню з ахвяраваннямі. Але топ-навіной у рубрыцы «здарэнні» стала не гэта, а звестка пра смерць начальніка аршанскай міліцыі Барвянкова.
Улады тым часам укінулі новую партыю грошай у Аршанскі ільнокамбінат, хоць незадоўга да гэтага выхваляліся ягонай «эфектыўнасцю» і міжнароднымі кантрактамі ў Індыі і іншых краінах.
Папулярным стаў наш артыкул пра тое, як аршанец Ігар Жалязоўскі сярод іншых атлетаў адкрываў удзел незалежнай Беларусі ў Алімпіядах.
Шэраг аршанцаў трапіў у базу расейскага вышуку. У сярэдзіне ж месяца гаварылася ўжо не пра палітычны пераслед, а пра трагедыю на вуліцы Завадскага, калі маці забіла чатырох малых дзяцей. Пазней высветлілася, што сям’ю неаднаразова правяралі адпаведныя органы. Сама ж маці-забойца неўзабаве памерла ў шпіталі.
У гэтым жа месяцы ўлады нацыяналізавалі завод «Лягмаш».
Адшукаўся ўнікальны здымак сям’і Родкіных, якой удалося ўцячы з Воршы перад прыходам нямецкіх акупантаў. Таксама ў лютым Orsha.eu пачала цыкл публікацый успамінаў пра Воршу мінулых часоў, раптоўна знойдзеных у Даніі. Выйшлі першая і другая часткі ўспамінаў Абрама Эпштэйна.
Надыход вясны прывёў да праблемаў у адной з вёсак Лёзненскага раёну.