Аршанскае Адкрытае акцыянернае таварыства «Завод „Лягмаш“» пераходзіць ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь. Гэта прадугледжана пастановай Савету міністраў № 108 ад 16 лютага, якую 20 лютага апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У адпаведнасці з дакументам, да 20 сакавіка з уласнасці Беларускага металургічнага заводу (БМЗ) ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь дармова перададуць 435,1 млн акцый прадпрыемства коштам 4,35 млн рублёў.
Яшчэ амаль 97 млн акцый на 969,8 млн рублёў ва ўласнасць Рэспублікі Беларусь перадасць Аршанскі раён.
Міністэрству прамысловасці, Дзяржаўнаму камітэту вайсковай прамысловасці, Дзяржаўнаму камітэту маёмасці і Аршанскаму райвыканкаму Савет міністраў даручыў прыняць меры па рэалізацыі пастановы.
Завод «Лягмаш» з’яўляецца адным з прадпрыемстваў, на якіх рэалізуюцца імпартазамяшчальныя праекты на сродкі расейскага крэдыту. Апошнім часам прадпрыемства выконвае заказы расейскага боку, як мяркуецца, з ваеннымі мэтамі, бо прамысловасць Расеі патрабуе новай прадукцыі дзеля працягу захопніцкай вайны супраць Украіны.
«Лягмаш» заснаваны ў 1952 годзе на базе Заводу ацяпляльных катлоў, які працаваў з 1945 году. Раней прадпрыемства спецыялізавалася на выпуску бытавых і прамысловых швачных машын і было адным з найбуйнейшых у сваёй сферы ў Савецкім Саюзе.