Па традыцыі, якая ўжо шмат гадоў існуе на Orsha.eu, мы праводзім агляд найбольш нашумелых навінаў у нашым рэгіёне, якія публікавала наша рэдакцыя летась. Пачынаем з вынікаў студзеня 2024 году. Што ж найбольш чыталі аршанцы ў тым пераступным годзе і, такім чынам, фактычна прызналі тэмы найбольш важнымі ў тым месяцы? Глядзім.
Пачатак таго году прынёс трагедыю — пасажырскі цягнік, які ехаў у Воршу, забіў жанчыну.
Адшукалася ўнікальная інфармацыя пра кірмашы і пошту на Талачыншчыне. Аршанец стаў зарабляць на Ютубе да 12 тысяч эўра на месяц. Таксама ў гэтым месяцы адкрыліся ўнікальныя здымкі з лядоўскай сінагогі.
У Багушэўску адкрылі скульптуру са скандальнай і рамантычнай гісторыяй. Таксама высветлілася, што Куцеенскі комплекс у Воршы будуць ахоўваць.
Было ў тым студзені і месца вялікаму трыўмфу — «Вітэн» у 4-ты раз стаў уладальнікам Кубку Беларусі.
На Замосці ў сярэдзіне месяца адбылася трагічная аварыя, цягнік урэзаўся ў легкавік.
Наш сайт за год падрыхтаваў некалькі публікацый пра камуністычных дзеячоў, імёны і/або помнікі якіх знаходзяцца ў Воршы. Першай такой стала публікацыя пра 100 гадоў без Уладзіміра Леніна — заснавальніка СССР.
На нашым Ютуб-канале мы ўвялі рубрыкацыю, асобна стала магчымым глядзець ролікі праекту «Оршазнаўства».
У студзені з’явілася інфармацыя пра планаваны канцэрт Макса Каржа ў Воршы. Але распаўсюджаныя афішы аказаліся фальшывымі.
У Воршы зафіксавалі самы нізкі курс даляра па Беларусі, вядома, у «В’етнамбанку»: 2,60 рубля за даляр.
Было месца і для трагікамедыі: аршанца асудзілі за ўдар суперніка… духамі, якія падарыў ягонай дзяўчыне знаёмы.