Амбасадар Польшчы Конрад Паўлік і намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музею Беларусі Сяргей Вечар наведалі вёску Смаляны на Аршаншчыне, каб ушанаваць памяць вялікага ліцвінскага асветніка і паэта Тамаша Зана (1796 – 1855), лёс якога цесна пераплятаецца не толькі з Беларуссю, але і з Польшчай. Тамаш Зан апошнія гады свайго жыцця жыў у маёнтку Кахачын (цяпер – вёска Какоўчына непадалёк Смалянаў), а пасля смерці быў пахаваны ў Смалянах на мясцовых могілках. Адна з вуліц Смалянаў называецца імем Зана. Сёлета адзначаецца 220-годдзе з Дня нараджэння паэта, заснавальніка таварыства філаматаў.
Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музею Беларусі Сяргей Вечар, прысутны на цырымоніі, зазначыў, што веды пра паэта-рамантыка трэба пашыраць у Беларусі. Ён паведаміў “Польскаму радыё”, што міністэрства культуры разгледзіць пытаньне ўшанаваньня памяці Тамаша Зана ў вёсцы Какоўчына (Кахачын), дзе знаходзіўся маёнтак Занаў.
Амбасадар Польшчы Конрад Паўлік падзякаваў мясцовым уладам за тое, што даглядаюць магілу Тамаша Зана. Магілу славутага асветніка захоўваюць у парадку і самі жыхары Смалянаў, а два гады таму месца, дзе разам з Занам пахавана таксама ягоная жонка Брыгіда і адзін з ягоных сыноў, наведалі сябры аршанскай моладзевай грамадскай арганізацыі “Звяз”, дзе ўшанавалі памяць славутага земляка.