Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад апазіцыйнай партыі АГП Ганна Канапацкая наведала наш горад не адна, разам з ёй у Оршу прыбыў кіраўнік партыі Анатоль Лябедзька. На сустрэчу, каб задаць свае пытанні і высунуць прапановы, прыехалі людзі з усяго рэгіёну. Быў чалавек з Круглянскага раёну, некалькі чалавек з Аршанскага. Адзін з фермераў, чыя гаспадарка знаходзіцца на Аршаншчыне, быў незадаволены існаваннем калгасаў — па яго словах, ён вымушаны працаваць за кожную капейку, а калгасы папросту схема для раскрадання грошай, дзе, напрыклад, салярку прадаюць па заніжаных коштах, ды й кожны крадзе столькі, колькі можа.
Падымалася і тэма войска, службы па кантрактах, сур’ёзнасці вайсковай падрыхтоўкі. Жыхар Барані падняў перад Ганнай Канапацкай пытанне пра рэгіёны – яе родны Менск штогод разбудоўваецца і разрастаецца па тэрыторыі і насельніцтве, у той час, калі на перыферыі ўсё больш праблем і менш працаздольных людзей. На прыкладзе той жа Барані яскрава бачная гэта праблема: у населеным пункце з немалым насельніцтвам, са статусам горада, вялікая частка дамоў дагэтуль не абсталявана каналізацыяй; працоўных месцаў не дадаецца; моладзь стараецца як мага раней з’ехаць з Барані і шукаць шчасця ў больш буйных гарадах, дзе вышэй узровень жыцця і існуе магчымасць уладкавацца на працу. Штогадовае гібенне малых гарадоў не сакрэт для Ганны Канапацкай, праблемы назіраюцца нават у абласных цэнтрах.
На сустрэчы паступіла і рэзкае пытанне ў адрас дэпутата. Раз яна ведае пра недэмакратычнасць, несумленнасць выбараў, чаму не адмовіцца ад мандату, чаму сядзіць у адным і тым жа дзяржаўным органе разам з людзьмі, якія, відавочна, выбіраліся па сваіх акругах з дапамогай запалохвання, укідаў бюлетэняў, непразрыстага падліку галасоў? Тут слова ўзяў Анатоль Лябедзька. Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі зазначыў, што з дадзеным дэпутацкім мандатам існуе хаця б магчымасць хутчэй ініцыяваць некаторыя законапраекты, напрыклад, змяніць цяперашняе заведама недэмакратычнае выбарчае заканадаўства. І збіраць 50 тысяч подпісаў дзеля разгляду нейкага пытання цяпер не трэба, бо з выкарыстаннем дэпутацкіх паўнамоцтваў Ганна Канапацкая можа пачаць разгляд праблемы значна раней і прасцей.
Прадстаўнікі АГП неўзабаве правядуць у Менску прэс-канферэнцыю “100 дзён Ганны Канапацкай”, на якой дэпутат падзеліцца інфармацыяй, што ёй удалося зрабіць за першыя месяцы працы ў Палаце прадстаўнікоў. На сустрэчы ў Оршы ў АГП былі прынятыя некалькі новых чальцоў. Партыя бачыць перспектывы для сябе ў знаходжанні свайго прадстаўніка ў парламенце і, паводле Анатоля Лябедзькі, зробіць усё магчымае, каб паспрыяць рэформам, якія даўно наспелі ў Беларусі.