Паведамленне пра ператрус на офісе Аршанскай кааліцыі дэмакратычных сілаў па вуліцы Чырвонаармейскай, 13 вокамгненна распаўсюдзілася па сродках масавай інфармацыі. Зразумела, што падзеі на офісе абмінулі ўвагай дзяржаўныя сайты, але большасць незалежных сайтаў і рэсурсаў апазіцыйных палітычных партый зрэагавалі на ператрус матэрыяламі. Карэспандэнты некаторых медыя паспелі прыехаць на месца падзей, каб зафіксаваць змены на офісе, цяпер ён стаіць паўпусты, уся тэхніка канфіскаваная. У яе ліку тры сістэмныя блокі ад кампутараў, ноўтбук, чатыры прынтэры і фарба для запраўкі картрыджаў. Самі актывісты, якія працуюць на офісе, не сумняюцца, што вобшук — палітычна матываваная справа, насамрэч ніхто сур'ёзна не падазрае іх у вырабе фальшывых грошай, бо неабходнай для таго моцнай тэхнікі тут папросту няма. Сайт Orsha.eu прадстаўляе дайджэст СМІ, якія напісалі пра ператрус у Оршы і пераслед актывістаў у сувязі з надыходзячай 12-га сакавіка мірнай акцыяй пратэсту супраць Дэкрэта № 3, якая пачнецца а 13:00 на Цэнтральнай плошчы горада.
"Наша Ніва" ў матэрыяле са спасылкай на "Радыё Свабода" паведаміла "Офіс Аршанскай кааліцыі дэмакратычных сіл узялі ў аблогу міліцыянты".
"Свабодаўцы" звязаліся з рэдактарам Orsha.eu Ігарам Казмерчаком і актывістам аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Яўгенам Анішчанкам і атрымалі інфармацыю пра тое, што адбываецца на офісе. Матэрыял "РС" называецца "У аршанскіх актывістаў канфіскавалі аргтэхніку "па падазрэньні ў вырабе фальшывых грошай".
Матэрыял з назвай "Ператрус на офісе дэмсілаў у Воршы" вынесены ў асноўныя навіны дня на "Радыё Рацыя". Радыё прыводзіць фотаздымкі з офісу, на якіх бачна, як супрацоўнікі міліцыі і Следчага камітэту выносяць аргтэхніку з офіса. Таксама прыводзіцца гукавая дарожка са словамі Ігара Казмерчака, у якіх ён паведамляе, што канкрэтна забралі на экспертызу, чым скончыўся ператрус.
"Беларускі партызан" у артыкуле "Обыск и конфискация в Орше: оппозиционеров подозревают в фальшивомонетничестве" таксама ўзяў каментар у Ігара Казмерчака, які распавёў, што па невядомых прычынах Следчы камітэт пачаў шукаць тэхніку для вырабу фальшывых грошай менавіта на офісе.
Сайт naviny.by у артыкуле "Милиция изъяла оргтехнику из офиса коалиции демсил в Орше" прывёў словы ўжо згаданага Яўгена Анішчанкі, які палічыў дзеянні міліцыянтаў звязанымі з бліжэйшай акцыяй 12-га сакавіка і назваў іх прыезд "ударам на апярэджанне".
Тэлеканал "Белсат" на сваім афіцыйным сайце змясціў навіну з загалоўкам "Фактычна разграмілі офіс". У аршанскіх дэмакратычных актывістаў канфіскавалі кампʼютары". Са спасылкай на наш сайт, "Белсат" паведаміў, што ніякіх фальшывых грошай на офісе, як і чакалася, не было.
Рэгіянальны сайт Гомельшчыны "Сильные новости" ў артыкуле "Сперва на таможне, потом в офисе: оршанских активистов дважды за три дня обыскали перед "Маршем нетунеядцев" прыводзіць словы Ігара Казмерчака, напісаныя ім у сацыяльных сетках: "Не разумею, чаму мяне "ператрасаюць", я ж нават супраць пратэстаў у рэгіёнах. Але, шчыра скажу, прыемна.... Значыць я больш СТРАШНЫ".
Адразу тры матэрыялы пра падзеі ў Оршы апублікавала агенцыя БЕЛАПАН, якая адсочвала тое, што адбываецца, у храналагічным парадку. Першы матэрыял называецца "У офісе аршанскай кааліцыі дэмсіл праходзіць вобыск", другі "Вобыск у офісе кааліцыі дэмсілаў у Оршы праходзіць па заяве аб друкаванні фальшывых грошай", а трэці падагульніў вынікі вобшуку: "Аргтэхніка з офіса кааліцыі дэмсілаў у Оршы канфіскаваная на экспертызу".
Рэсурс "Беларуская праўда" выступае з загалоўкам "Обыск в Орше: криминала не нашли, зато офис разгромили", у якім перадае інфармацыю пра ператрус і перадрукоўвае некалькі здымкаў з месца падзей.
Такім чынам, ператрус офіса дэмакратычных сілаў у Оршы стаў гарачай падзеяй для журналістаў, інфармацыя пра прэвентыўныя меры міліцыі і КДБ у нашым горадзе, прадпрынятыя супраць дэмакратычных актывістаў, імкліва разыйшлася па Беларусі. Большасць журналістаў выданняў не сумняецца — прыезд міліцыі і Следчага камітэту адбыўся нездарма, прасочваецца сувязь ператрусу з маючым адбыцца ў Оршы 12-га сакавіка "Маршам недармаедаў".