13 верасня ў менскім Палацы мастацтва адкрылася выстава вядомага беларускага графіка, майстра кніжнай ілюстрацыі Валерыя Славука. Як паведамілі ў адміністрацыі Рэспубліканскай мастацкай галерэі, імпрэза прымеркаваная да 70-годзьдзя творцы.
Валеры Славук нарадзіўся ў 1947 годзе ў Коханаве. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, вучыўся ў Васіля Шаранговіча. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прэміі "Лепшы ілюстратар году", прэміі "Залаты фаліянт" у намінацыі "Лепшы майстар" нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі". Узнагароджаны медалём Францішка Скарыны і мэдалём "За заслугі ў выяўленчым мастацтве" Беларускага саюзу мастакоў. Лепшы мастак Эўрапейскага таварыства навуковай фантастыкі. Прафесар кафедры графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Спіс рэгаліяў Валерыя Славука можна працягваць яшчэ і яшчэ.
Шырока вядомыя ягоныя ілюстрацыі да кніг "Айвэнга" Вальтэра Скота, "Чорны млын" Юрыя Брэзана, "Шляхціц Завальня" Яна Баршчэўскага, "Вясна ўвосень" Уладзімера Караткевіча, беларускіх народных казак "Удовін сын", "Алёнка", "Цудоўны свет" і многіх іншых.З ілюстрацыямі знакамітага мастака з Коханава знаёмыя дзеткі і дарослыя па ўсёй Беларусі. Апублікуем тут некалькі знакамітых ілюстрацый, якія, верагодна, бачыў шмат хто з чытачоў нашага сайту. На малюнках Славука прысутнічаюць персанажы надзвычай багатай беларускай міфалогіі — Апівень, Бадзюля, Увішнік, Латарэйнік, Дамавік і многія іншыя. Выставу Валерыя Славука можна наведаць да 22 верасня, Палац мастацтва працуе з аўторка па нядзелю з 11 да 19 гадзін.