Апошні тур застаўся ў чэмпіянаце Віцебскай вобласці. 29-га кастрычніка адбыўся адзін з вызначальных матчаў, які мусіў даць адказ на пытанне, ці здольны дзейны чэмпіён "Лепель" захаваць шанцы на паўтарэнне поспеху. Аказалася можа. У матчы з "Шуміліна" лепельцы перамаглі 3:1. Аднак перамога далася ім вельмі няпроста. "Лепель" перамог дзякуючы колькаснай перавазе. Пры ліку 1:1 на 69-й хвіліне адбыўся канфлікт. Брамнік шумілінцаў Дзмітрый Лень не зафіксаваў з першага разу мяч у руках, і на дабіванне пайшоў паўабаронца гасцей яго цёзка Букштынаў. Пайшоў жорстка, ударыўшы не толькі па мячы, але і па руках брамніка. Пастараўся хутка выбачыцца, аднак іскра палыхнула. Леню вельмі не спадабаліся паводзіны атакуючага і ён адштурхнуў суперніка, а той у адказ нанёс яму ўдар нагой. Усчалася бойка, у якой прынялі ўдзел як футбалісты і афіцыйныя асобы, так і заўзятары, якія прарваліся на поле з трыбун. Матч быў перарваны на некалькі хвілін. Яго вынікам сталі дзве чырвоныя карткі футбалістам "Шуміліна" і адна "Лепеля". У выніку жоўта-сінія не ўтрымалі нічыйны лік і ўсё ж прапусцілі два мячы ў апошнія хвіліны. "Лепель" перамагае 3:1.
5-га лістапада "Шуміліна" ў гасцях прайграла 0:3 "Полацкгазу", які дзякуючы гэтаму выйшаў на першае месца ў табліцы. А "ПМЦ-Паставы" ў гасцях былі бітыя "Газавіком" з Віцебска 2:4.
Апошні тур расцягнуты на два дні. Праўда, матч закрыцця 12-га лістапада нічога не вырашае. Віцебскі "Газавік", які нядаўна атрымаў тэхнічную паразу за выкарыстанне футбаліста, якога не меў права выпускаць на поле, страціў усе шанцы на медалі. Ён на сваім полі прыме "Глыбокае", якое тэарэтычна яшчэ можа апярэдзіць віцяблянаў у табліцы.
А вось 11-га лістапада ключавы дзень. Паралельна, а 14:00 пачынаюць матч "Лепель" і "Полацкгаз". Палачане гуляюць у Сянне, якое захоўвае шанцы на срэбра. А вось "Лепель", які саступае палачанам 2 пункты, на сваім полі прымае..."Шуміліна". Такі вось матч-рэванш праз два тыдні пасля скандалу.
Яшчэ адзін матч адбудзецца а 14:30, гарадоцкі "Прамень" прыме "Паставы".