Каталікі сёння адзначаюць Вялікдзень — свята Уваскрэсення Хрыстовага. Разам з імі ў гэты дзень святкуюць пратэстанты, грэка-католікі і хрысціяне некаторых іншых канфесіяў. Гэта адно з найбольш значных святаў, якое служыць напамінам аб уваскрэсенні Збаўцы.
Паводле каталіцкай традыцыі, святочныя набажэнствы пачынаюцца раніцай у Вялікую суботу, калі ў храмах дабраслаўляюць агонь і ваду. Агонь разносяць па дамах і запальваюць ім велікодныя свечкі, якія лічацца цудадзейнымі. Незвычайныя ўласцівасці прыпісваюць таксама велікоднай святой вадзе. Таксама ў суботу дабраслаўляюць велікодныя стравы — яйкі і булкі. Увечары ў суботу ў касцёлах адбылася велікодная вігілія — імша, падчас якой вернікі вітаюць Уваскрэсенне Хрыста. Раніцай у нядзелю дзеці і моладзь абыходзяць дамы з песнямі і віншаваннямі. Сёння, у нядзелю адбываюцца святочныя набажэнствы.
У праваслаўных 1-га красавіка Вербная нядзеля, гэтае свята ўстаноўленае ў памяць уваходу Ісуса Хрыста ў Ерусалім. Напярэдадні гэтага, Ісус здзейсніў цуд уваскрасення Лазара. Вестка пра гэта разнеслася шырока, і свет народу вітаў яго як цара пальмовымі галінкамі. У Беларусі на гэтае свята асвячаюць вербныя галінкі — яны сімвалізуюць тыя пальмовыя, якімі сустракалі Хрыста. Праваслаўны Вялікдзень будзе адзначацца 8-га красавіка.