Цэліна Бажэнцкая нарадзілася ў вёсцы Антавіль паблізу Оршы на Віцебшчыне. Менавіта ёй прысвечана кніга Марыі Рэнаты Кавальскай CR, выдадзеная нядаўна ў каталіцкім выдавецтве «Про Хрысто» пад тытулам «Полымя любові» (у перакладзе на беларускую мову пісьменніцы Ірыны Жарнасек).
Часопіс «Ave Mаria» напісаў некалькі словаў на выхад кнігі.
Знаёмячы нас з жыццём бласлаўлёнай Цэліны, аўтарка кнігі звяртаецца да часоў яе ранняга дзяцінства, каб паказаць, ад якой іскры нарадзілася нязгаснае полымя Божай любові ў яе чыстай душы. Нялёгкае, поўнае выпрабаванняў жыццё Цэліны паказала: моц гэтага полымя была настолькі вялікаю, што дазволіла ёй з пакораю прыняць волю бацькоў наконт яе замужжа, перажыць сямейныя цяжкасці, смерць мужа, а пасля — любімай дачкі Ядвігі, разам з якой яна стала заснавальніцаю жаночай манаскай Кангрэгацыі сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана.
27 кастрычніка 2007 года Цэліна Бажэнцкая была абвешчана бласлаўлёнаю, праз яе заступніцтва працягваюць адбывацца цуды, адзін з якіх апісаны на старонках гэтае кнігі і стаў падставаю для беатыфікацыі. Аповед Марыі Рэнаты Кавальскай CR пра жыццё нашай зямлячкі павінен нагадаць нам пра тое, што ў асобе гэтай незвычайнай жанчыны мы маем вялікую і моцную заступніцу перад Богам, і заахвоціць да нястомнай малітвы, якая разам з вераю чыніць цуды.
Цэліна Бажэнцкая паходзіла з роду аршанскай шляхты Хлюдзінскіх. Іхняму роду належалі Хорабрава, Антавіль, Дзянісаўка. Поўнае імя блаславёнай — Цэліна Разалія Леанарда Хлюдзінская-Бажэнцкая нарадзілася 29 кастрычніка 1833 года. Ордэн на чале з Цэлінай Бажэнцкай прапаведаваў па ўсім свеце (Польша, Балгарыя, ЗША і г.д.) сярод каталікоў як лацінскага, так і грэчаскага абраду (уніятаў). Памерла Цэліна Бажэнцкая ў 1913 годзе. Беатыфікацыя нашай зямлячкі распачалася па ініцыятыве Папы Рымскага Пія ХІІ, а скончыў беатыфікацыю Бенедыкт XVI у 2007 годзе. У лютым 2015 года сябры Аршанскай моладзевай грамадскай арганізацыі «Звяз» зладзілі ў Антавіль да месца нараджэння Цэліны Бажэнцкай пешую экспедыцыю.