7 жніўня на “Orsha.eu” апублікаваны артыкул пра помнік паміж Оршай і Баранню. Хаця за ім калі-нікалі прыглядаюць жыхары Барані, але да сучаснага моманту помнік быў у даволі гаротным стане: ён увесь пакрыты расколінамі, тынкоўка і вапнавая рошчына месцамі адвалілася. Таму неабыякавыя да захаванасці помнікаў чальцы сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП) з Барані і Воршы, нядоўга думаючы і карыстаючыся пакуль што добрым надвор’ем, здабылі мех цэменту ды й заладзілі шчыліны і расколіны, а заадно падфарбавалі крыж і шыльдачку на помніку.
Цяпер яшчэ добра было б каля гэтага помніку, які стаіць побач з былым Друцкім шляхам у чыстым полі, зрабіць якую-небудзь ахоўную зону, таму што ні ў Аршанскім райвыканкаме, ні ў Бараньскім гарвыканкаме гэты аб’ект не лічыцца помнікам гісторыі і культуры. Як паведаміў старшыня мясцовай суполкі БСДП Віктар Міхасёў, ў іх ужо ёсць думка хадатайнічаць аб распрацоўцы праекта рэкрэацыйнай зоны ў гэтым месцы паміж маляўнічым берагам ракі Адроўкі і былым Друцкім шляхам. Тут вельмі зручнае месца для актыўнага адпачынку жыхароў Воршы і Барані, тым больш што побач знаходзіцца Шчацінкаўскае возера. Да таго ж у мінулым годзе з’явіўся маршрут № 13 гарадскога аўтобусу, які праходзіць праз Шчацінку, што значна спрашчае наведванне гэтай прыгожай мясціны.
Аляксандр Барзоў