Пасля прэзентацыі альбому "Lito" ў складзе гурта "Vuraj" Сяржук Доўгушаў у інтэрв'ю Orsha.eu заявіў аб тым, што яго калектыў пакуль бярэ творчую паўзу. Справа ў тым, што праца над праграмай альбома "Lito" была нялёгкай, музыкі доўга шукалі песні, працавалі над іх паўнавартасным пераўтварэннем ў музычны твор, які гучаў бы на канцэртах і на плытцы. Агулам праца над альбомам заняла чатыры гады, гэта трэцяя кружэлка гурта. Таксама ў размове з карэспандэнтам нашага сайту, Сяржук Доўгушаў адзначыў, што яго чакаюць некалькі месяцаў выступаў у Злучаных Штатах. Беларусы Амерыкі вельмі зацікаўленыя ў тым, каб пачуць старыя і новаапрацаваныя фальклорныя творы з Радзімы. Да іх далучацца і прадстаўнікі іншых дыяспар, неабыякавыя да беларускай культуры.
Гэта ўжо не першы візіт нараджэнца вёскі Тарчылава Аршанскага раёна за акіян. Сяржук Доўгушаў патлумачыў, што цалкам гастрольны тур яшчэ не распісаны, ідуць перамовы, адразу некалькі супольнасцяў амерыканскіх беларусаў хочуць зладзіць яго канцэрты ў сваіх гарадах. Таксама сустрэчу з музыкам і яго канцэрт плануюць зладзіць у Канадзе, дзе пражывае вялікая дыяспара нашых землякоў, у тым ліку і тых беларусаў, якія прыехалі непасрэдна з Аршаншчыны. Ёсць і адрасы, куды Доўгушаў завітае дакладна. Гэта штат Тэхас, таксама гарады Нью-Ёрк, Чыкага, Кліўленд. У час сваіх папярэдніх выступаў у ЗША Доўгушаў выступаў, сярод іншага, у Чыкагскім універсітэце, у сталіцы Вашынгтоне.