Падводзім вынікі верасня 2018 года ў Оршы і Аршанскім раёне. Самым папулярным артыкулам месяца стала інфармацыя пра словы Лукашэнкі аб тым, што многія міністры ва ўрадзе, які ён сам жа і прызначаў, — алкаголікі. Шмат праглядаў сабрала таксама навіна пра прыезд прэзідэнта і яго заява пра непатрэбнасць холдынгаў, бо гэта "аб'яднанне вожыка з жабай".
Звычайна, віншаванні са святамі не становяцца надзвычай папулярнымі па колькасці праглядаў і каментароў, не выклікаюць павышанай увагі. Але гэтым разам віншаванне нашай рэдакцыі з Днём беларускай вайсковай славы стала вельмі папулярным.
На пачатку верасня ў Оршы ўвялі міліцэйска-ваенныя патрулі. На часовую працу на ўзмацненне ў Оршу прыслалі шмат міліцыянтаў з іншых гарадоў, якія ўпершыню апынуліся ў нашай мясцовасці. З-за гэтых патрулёў не аднаразова ўзнікалі канфлікты, а ўлады так і не змаглі ўцямна патлумачыць, навошта пагрузілі Оршу на некалькі месяцаў у такое "ваеннае становішча". Нейкі час патрулі знаходзіліся амаль на кожным рагу вуліц.
У верасні са сваёй пасады сышоў галоўны ўрач Оршы Уладзімір Плыткевіч. Дзяржаўныя СМІ і органы, як часта бывае, да апошняга маўчалі пра гэтую адстаўку. І толькі калі інфармацыя прасачылася ў незалежныя медыя, паследвала інфармацыя з пацверджаннем. Плыткевіч пераехаў на працу ў Віцебск, а ў Оршы ў яго з'явіўся пераемнік.
У Талачыне школьніца патрапіла пад рэйсавы аўтобус. Школьніца атрымала цялесныя пашкоджанні. Таксама ў гэтым месяцы з'явілася рэклама на заводзе ПАК, з якой стала вядома, што збіраюцца будаваць на базе завода.
А пад Баранню пасля візіту Лукашэнкі ўчынілі нешта накшталт экалагічнай катастрофы. З "Тэхнікі сувязі" вывозілі рэчы і кідалі за кіламетр ад Барані ў кірунку Чэрвена. А затым мясцовыя дзеці падпалілі тое смецце, і некалькі дзён мясцовыя жыхары жылі ў дыме і смогу адтуль. Зноў жа, толькі пасля ўмяшальніцтва незалежных журналістаў, у тым ліку і Orsha.eu, гэтае смецце прыбралі. Сярод выкінутых заводам рэчаў былі іртутныя лямпы, некаторыя хімікаты, якія захоўваліся на заводзе. А таксама на стыхійнай незаконнай звалцы, да ганьбы кіраўніцтва, аякое аддала такі загад і работнікаў, якія яго выконвалі, быў знойдзены партрэт ветэрана працы, удзельніка Грамадзянскай і Другой сусветнай войнаў Мікалая Цімафеевіча Бохана.