Наш сайт неаднаразова пісаў пра баевіка Аляксандра Ступніцкага, які ваяваў на Данбасе супраць Украіны, а ўлетку разам са сваёй жонкай прыязджаў у Оршу. У ліпені 2018-га (адначасова з выхадам першай справаздачы СБУ) Ступніцкія пакінулі Беларусь. З аналізу акаўнту ягонай жонкі ў сацсетках вынікае, што сям’я адпачывала ў анэксаваным Расеяй Крыме, а потым знаходзілася ў Данецку, які таксама пад часовай расейскай акупацыяй. Тады сваякі Ступніцкага сказалі: "Дзеці проста паехалі пагуляць па Расеі", удзел Аляксандра ў баявых дзеяннях яны катэгарычна адмаўлялі. Адметна, што маці Ступніцкага Дарʼя працуе ў Дэпартаменце аховы МУС — гэта пацвердзілі ейныя калегі і сябры. Пры гэтым інтарэс да персоны Ступніцкага выклікае адначасова шок, страх і агрэсію ў сваякоў баевіка. «Як вы ўжо надакучылі… Адкуль вы ўсё гэта бярэце? Што вы выдумляеце? Вы смерці маёй чакаеце ці што?! Пакіньце нас у спакоі», — сказала журналістам "Белсату" Марыя Ступніцкая, родная цётка баевіка.
Сам Ступніцкі пасля з'яўлення інфармацыі пра яго ў шырокім доступе выдаліў свае ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках.
А сёння Служба бяспекі Украіны апублікавала звесткі, якія пацвярджаюць прыналежнасць ПВК Вагнера да Галоўнага ўпраўлення Генштаба Узброеных сілаў РФ, а таксама спіс наймітаў гэтага засакрэчанага падраздзялення ў Судане. У спіс патрапілі двое беларусаў — Аляксей Бярговін і Аляксандр Ступніцкі.
Украінская спецслужба прааналізавала больш за тысячу пашпартоў "вагнераўцаў", якія прыляталі ў афрыканскія краіны і сцвярджае, што пераважная большасць дакументаў была аформленая цэнтралізавана ў Маскве (УФМС 770001) — там, дзе і пашпарты "Пятрова" і "Башырава", абвінавачаных у атручванні Скрыпалёў. Паводле кіраўніка СБУ Васіля Грыцака, гэта наўпрост указвае на сувязь ПВК Вагнэра з Галоўным упраўленнем Генштабу Узброеных сілаў Расеі (раней — ГРУ). Пры гэтым у некалькіх сотняў наймітаў нумары пашпартоў адрозніваюцца выключна апошнімі лічбамі. Такім чынам, украінская выведка ўсталявала, што цяпер Ступніцкі, які раней ваяваў супраць тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і, відавочна, не можа трапляць на яе тэрыторыю без рызыкі атрымаць вялікі турэмны тэрмін, цяпер перакінуты ў Судан.
У Судане ўжо некалькі тыдняў праходзяць акцыі пратэсту супраць прэзідэнта Хасана Ахмеда Аль-Башыра. Суданскі дыктатар знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі па падазрэнні ў этнічных чыстках і ваенных злачынствах на тэрыторыі сваёй краіны. У Судане рэзка ўзраслі кошты на хлеб і паліва, а таксама адбылася дэвальвацыя нацыянальнай валюты. Акцыі пратэсту супраць суданскага лідэра ахапілі ўсе буйныя гарады. Ужо больш за год у гэтай краіне знаходзяцца і расейскія найміты, бо Крэмль не хавае, што падтрымлівае Аль-Башыра.