Вядомы айчынны мастак Алесь Пушкін сёлета адправіўся на Крапівенскае поле ў чарговы раз. Але ні ён, ні іншыя ўдзельнікі фэсту не чакалі, што ў ноч з 7 на 8 верасня на месцы будзе цэлае намётавае мястэчка. Новы дзень, дзе роўна 505 гадоў таму адбылася Бітва пад Воршай, непасрэдна на полі сустракалі каля 20 чалавек. У тым ліку адзін з пастаянных арганізатараў фэсту Юрка Копцік, Генадзь Шэпелеў, які атрымаў неафіцыйны тытул "вартавы Крапівенскага поля" за штогадовае начаванне на гэтым месцы, мастак Алесь Пушкін і шэраг іншых беларускіх патрыётаў. Алесь Пушкін у інтэрв'ю "Радыё Рацыя" распавёў:
Калі я выехаў з Бабра на ноч і прачытаў, што Генадзь Шэпелеў – вартавы Крапіўнага поля, то паехаў падтрымаць яго. Я падумаў, што мы будзем дзесьці ўдвух, можа яшчэ будуць да нас падыходзіць Васіль ды пару чалавек. Але мне было так прыемна, што калі я ішоў па дарозе на Гацькаўшчыну, я ўжо бачыў, што свеціцца велічэзным бел-чырвона-белым сцягам поле. Выдатная падсветка, генератар, дынамікі, музыка і побач два дзясяткі людзей.
На фэсце была беларуская музыка, вершы, выступы на гістарычныя і грамадскія тэмы, таксама ўдзельнікі ўзгадалі тых, хто спрычыніўся да стварэння і традыцыйнага правядзення фэсту. Гэта Алесь Белабародаў з жонкай Аляксандрай, Аляксандр Коўшык з жонкай Людмілай Шчагловай, дзядзька Васіль, якога ўсе ў Воршы ведаюць. Як адзначыў Юрка Копцік: Яны трымалі гэтую традыцыю, калі гэта было небяспечна для асабістай кар’еры, працы. Зараз ужо не так, цяпер не ловяць па дарогах, не хапаюць на аўтобусных прыпынках, як тады. Цяпер не садзяць у аўтазакі і не вязуць на вакзал і пад аховай транспартнай міліцыі не адпраўляюць назад у Менск, як гэта было.
Таксама была ўзгаданая нябожчыца Арына Вячорка, якая зрабіла шмат дзеля папулярызацыі фэсту.