Матч паміж аршанскім хакейным клубам «Лакаматыў» і брэсцкім клубам «Брэст» падарыў фанатам Брэста дваістыя ўражанні. Агулам у Оршу дабралося каля 15 фанатаў. Першы перыяд гульні іх відавочна расчараваў — тут была поўная перавага аршанцаў, якія змаглі забіць 1 гол і ўвесь перыяд не давалі спакою брамніку брэстчанаў.
Другі перыяд матчу таксама распачаўся з атакаў «Лакаматыва» і на 8-ай хвіліне 2-га тайму фанаты Брэста запалілі ў Лядовым палацы сінюю дымавую шашку ды вывесілі абразлівы ў дачыненні да «Лакаматыву» банэр. Дым злёгку зацягнуў браму гаспадароў, што зашкодзіла гульні. Праўда, суддзі гульню не спынілі, а ўсіх брэсцкіх фанатаў ахова выправадзіла з Лядовай арэны і — па нашай інфармацыі — перадала ў рукі міліцыянтаў.
Гэта не адзіны інцыдэнт на матчы. У канцы таго ж 2-га перыяду каля брамы аршанцаў адбылася сутычка хакеістаў. Брэстчане атакавалі нашага брамніка і за яго заступіліся іншыя гульцы, праўда да адкрытай бойкі не дайшло — суддзі спынілі матч і разнялі гульцоў.
Сам матч скончыўся паразай «Лакаматыва». У трэцім перыядзе госці змаглі размачыць браму суперніка, а потым забіць і яшчэ дзве шайбы. У выніку лік 1-3 дае магчымасць Брэсту падняцца ў тройку турнірнай табліцы. Нашы хакеісты так і застаюцца ў лідарах турніра і гэтая параза на іх пазіцыю не паўплывала.