Вандалы знявечылі помнік гісторыі рэгіянальнага значэння — памятны знак у горадзе Асташкаве Цвярской вобласці Расеі, на месцы, дзе знаходзіўся дом Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава. Невядомыя скралі плітку і абліцоўванне ля памятнага знака. Дзяцінства і юнацтва Заслонава прайшлі ў Асташкаве. У 30-я гады сям'ю раскулачылі і саслалі на Кольскі паўвостраў. Канстанцін Заслонаў вывучыўся на чыгуначніка, перад вайной працаваў начальнікам паравознага дэпо ў Оршы. У пачатку вайны вёў падрыўную працу ў тыле ворага, затым сышоў у партызаны і ваяваў супраць Рускай нацыянальнай народнай арміі, а таксама агітаваў воінаў РННА пераходзіць на бок Чырвонай Арміі. Загінуў у лістападзе 1942 года ў баі з пераўзыходзячымі сіламі РННА. Памятны знак у Асташкаве, як паведамляе выданне seligerlife.ru, быў усталяваны на скрыжаванні вуліцы Еўстафьеўскай і завулка Лізы Чайкінай.
Толькі нядаўна гэты помнік прывялі ў парадак удзельнікі з клуба "Памяць" пад кіраўніцтвам Аляксея Шаўчука. Яны акультурылі тэрыторыю, паклалі плітку, паставілі лавачкі. Ля возера Селігер паўстаў куток, дзе турысты і мясцовыя жыхары маглі адпачыць.
Гэта не адзіны за апошні час выпадак вандалізму ў Асташкаве. Разбураны помнік федэральнага значэння, старадаўні дом у мясцовага аддзялення паліцыі. З гэтай нагоды заведзеная крымінальная справа. Следам разбурылі памятны знак матэматыку Магніцкаму, помнік рэгіянальнага значэння, грамадскія дзеячы дамагаюцца ўзбуджэння крымінальнай справы і з гэтай нагоды.