Яшчэ днём 25 кастрычніка двое жыхароў Дубровенскага раёну выпівалі і калі алкаголь скончыўся захацелі ў суседнюю вёску за дагонам. Перціся трэба было аж у суседнюю вёску, а няроўнай хадою ісці было непрыемна. А тут шмаслівы выпадак. З Віцебску прыехаў 66-гадовы дачнік на Жыгулях, якія па звычцы не зачыняў - вёска раней была спакойная.
Маладзёны залезлі ў Жыгулі, зламалі замок зажыгання і паспрабавалі як у кіно злучыць двое дратоў, каб завесці машыну. На герояў баевікоў пацаны не надта былі падобныя і машына не паддалася. Калі хлопцы сыходзілі, то хлопнулі дзвярымі, што і пачуў гаспадар аўто. Пенсіянер падыйшоў да сваёй машыны, пабачыў пашкоджанне і крыкнуў у бок сыходзячых маладзёнаў. Тыя не сталі збягаць, нават, наадварот, бачна баевікі ўсё яшчэ не давалі спакою. Завязалася невялікая патасоўка ў выніку якой адзін з маладзёнаў выпісаў пенсіянеру ўдар па твары.
Пенсіянер звярнуўся ў міліцыю, але знайсці маладзёнаў у вёсцы ўжо не атрымалася - яны аказаліся ўжо ў райцэнтры. Праўда, за пару гадзін іх усё адно вылічылі і знайшлі. Пры затрыманні адзін з хлопцаў усё яшчэ лічыў сябе героем і аказаў супраціў супрацоўнікам міліцыі. У выніку ў спробе дагнацца алкаголем хлопцы набралі на сябе па два артыкулы крымінальнага кодэксу, а той які супраціўляўся за супраціў атрымаў яшчэ і трэці артыкул. Праўда, і гэта можа быць не ўсё. Зараз дубровенскія міліцыянты правяраюць гэтых 18-гадовых на датычнасць да іншых злачынстваў - паведамляе сайт МУС.
...Карацей, пагулялі цудоўна.