Пенсіянерцы з Оршы паабяцалі 150 рублёў за ўдзел у акцыі, якую, нібыта, праводзіў "Беларусбанк", у выніку з яе карткі знялі ўсе грошы. У адной з сацыяльных сетак аршанка атрымала паведамленне пра тое, што пенсіянеры могуць атрымаць па 150 рублёў, а грошы, нібыта, раздае банк. Суразмоўніца абяцала пенсіянерцы атрымаць прыз, для гэтага ёй патрабаваліся рэквізіты банкаўскай карткі. Аршанка спачатку баялася адпраўляць дадзеныя карткі, але вельмі хацела атрымаць грошы. І ўсё-ткі рашылася, напісала суразмоўніцы і адправіла ёй усе неабходныя дадзеныя банкаўскай карткі. А потым пайшла ў банкамат, глядзець ці прыйшоў перавод.
Папаўнення рахунку пенсіянерка не дачакалася, наадварот — з ейнай карткі знялі ўсе грошы, баланс апынуўся нулявым. У выніку жанчына страціла больш за 400 рублёў, паведамляе прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкама. Калі яна звярнулася ў банк, там вельмі здзівіліся і паведамілі ёй, што ніякіх акцый не праводзілі.