Чатыры жыхары Воршы, якія вымагалі ў знаёмага грошы і пагражалі адабраць аўтамабіль, прыгавораны да пазбаўлення волі на тэрміны ад 4 да 6 гадоў.
Па гэтай справе праходзілі двое пацярпелых, у аднаго з іх вымагалі 100 даляраў, а ў другой — ужо 1000. Характэрна, што на пацярпелых выйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК, якія атрымалі аператыўную інфармацыю аб фактах вымагальніцтва. Аднаго з пацярпелых, пасля доўгіх угавораў, пераканалі напісаць заяву, а другі нават пагадзіўся прыняць удзел у «эксперыменце» пад кантролем сілавікоў.
Апошні, 35-гадовы аршанец, займаўся добраўпарадкаваннем на могілках. Некалькі разоў ён карыстаўся паслугамі земляка, які падвозіў яго па рабоце на машыне. Даведаўшыся аб даходах ад могілак, гэты знаёмы стаў настойліва прапаноўваць працаваць разам і нават навязваць для працы сваіх людзей.
Атрымаўшы адмову, праз некаторы час несапраўдны партнёр абвінаваціў аршанца ў тым, што ён нібыта наняў для працы людзей, якія звольніліся з ранейшых месцаў, і стаў патрабаваць у якасці кампенсацыі заплаціць яму і тром іншым удзельнікам банды 1000 даляраў.
Некаторы час аршанец хаваўся дома, заблакаваўшы вымагальніка ў сацсетках і на тэлефоне. Але тут на яго выйшлі сілавікі, якія прапанавалі прыняць удзел у правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у дачыненні крыўдзіцеляў.
Мужчыну далі сродкі сакрэтнага кантролю і ён на сваёй машыне знарок трапіўся на вочы лідэру вымагальнікаў. Пасля гэтага рушыла ўслед пагоня і машыну пацярпелага заблакавалі. На месца прыбылі астатнія члены банды і сталі вымагаць з яго грошы.
Дамовіўшыся аддаць ім 1000 даляраў, аршанец атрымаў у аператыўнікаў пазначаныя 700 долараў і 1000 рублёў. Пры перадачы гэтых грошай вымагальнікі былі затрыманыя ў траўні 2021 года.
4 лістапада суд Аршанскага раёну і горада Воршы прызнаў усіх чацвярых мужчын вінаватымі ў вымагальніцтве, учыненым групай асоб. На падставе часткі 2 артыкула 208 КК лідэра крымінальнага квартэта прыгаварылі да 6 гадоў пазбаўлення волі, а яго траіх саўдзельнікаў — да 4 гадоў. Сядзець яны будуць у калоніі ўзмоцненага рэжыму.