Праз два з паловай гады следства ў суд перадалі справу аб смяротным ДТЗ у Воршы, дзе ў жніўні 2019 году загінуў 45-гадовы пешаход. Тое ДТЗ адбылося 13 жніўня каля 22:00, калі аршанец пераходзіў вуліцу 60 гадоў БССР па нерэгуляваным пешаходным пераходзе каля дома № 5.
Спачатку яго збіў легкавы аўтамабіль Volvo 850, за стырном якога знаходзіўся 41-гадовы мужчына. Другі раз пешахода пераехаў «Citroen C5 Tourer», якім кіраваў 22-гадовы мужчына.
Пацярпелага пешахода з цяжкімі траўмамі даставілі ў бальніцу, але там мужчына, нягледзячы на намаганні медыкаў, памёр.
Перад судом паўстануць абодва кіроўцы, іх абвінавачваюць ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 317 КК, паведамляе прэс-служба Віцебскай абласной пракуратуры. Пры гэтым малодшы з іх знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, а старэйшы ўжо адбывае пакаранне па іншым прысудзе.