Жорсткае забойства ў аддзяленні пошты ў раёне Замосце мала каго пакінула абыякавым. Пры гэтым, афіцыйная інфармацыя паступае ўсё так жа мала - у выходны дзень прэс-службы арганізацый звычайна не працуюць. Таму было не вядома ні хто забітая жанчына, ні нават яе ўзрост, пра яе пішуць проста як пра паштальёнку. Мы знайшлі крыху інфармацыі пра забітую жанчыну.
Яна была ўжо не маладой. І мела поўную сям'ю: муж-чыгуначнік, двое сыноў і нават маленькая ўнучка. У жанчыны яшчэ жывая маці. Не адзін год яна адпрацавала на пошце, прынамсі, яе можна пабачыць на фотаздымках з урачыстага адкрыцця 13-га аддзялення пошты пасля рамонту. Пры гэтым казаць пра жанчыну як пра паштальёнку не зусім правільна - жанчына больш працавала ў самім аддзяленні, а не разносіла газеты па адрэсах. Жыла жанчына разам з сям'ёй у Свісцёлках.
Меньш можна сказаць пра забойцу. Гэта тыповы зэкан для якога турма - маці родная. За свае 71 год ён некалькі разоў бываў у турме за крадзяжы, хуліганства і разбой. Зараз з агнястрэльнымі раненнямі мужчына ў бальніцы пад аховай міліцыі. Апошнім часам старык-разбойнік жыў у Оршы.
Не так даўно адрамантаванае аддзяленне пошты падобна, што бліжэйшым часам працаваць не будзе. Пасля таго пажару, які ўчыніў забойца, каб схаваць сляды злачынства, яго давядзецца зноў рамантаваць як мінімум касметычна ўнутры.
Рэдакцыя выказвае спачуванні сям'і загінулай жанчыны.