Гісторык з гістарычнага факультэту БДУ Дзяніс Лісейчыкаў апублікаваў у фэйсбуку допіс пра тое, што чыталі аршанскія базыльяне ў вольны час.
Рэдка калі ўдаецца знайсці апісанне загалоўкаў свецкай мастацкай літаратуры, якая захоўвалася ў манастырах. Інвентарызатар манастыра ў Оршы ў 1811 г. не паленаваўся.
Дзякуючы яму даведваемся, што аршанцы чыталі «Przypadki Robinsona Krusoe» у польскамоўным перакладзе (Варшава, 1775). Зрэшты, нядзіўна, бо першы пераклад на польскую мову «Падарожжаў Гулівера» ўвогуле зрабілі супрасльскія базыльяне ў 1784 г. Увішныя супрасльцы ў сваёй манастырскай друкарні выдавалі кнігі па астралогіі, і шмат чаго іншага незвычайнага.
Увогуле, у аршанцаў былі кнігі на «рускай» (сучасня беларуская, заўвага Orsha.eu), царкоўнаславянскай, лацінскай, польскай, расійскай, італьянскай, літоўскай («w języku żmudzkim», выдавецтва тых жа супрасльскіх хлопцаў) мовах.
Сярод іншага яны чыталі «Вопыт аб чалавеку» Аляксандра Поўпа і «Разсужденіе о прічінах Свейской войны» Пятра Шафірава.
А вось што хаваецца за загалоўкамі кніг, якія пазначаны як італьянскія, мы не далі рады разабрацца. Напэўна, аршанскі інвентарызатар ведаў італьянскую слаба — «Diospre», «Penegr», «Gluzi Drezi».