У мінулым годзе Віцебшчына атрымала 170.500.000.000 рублёў са сродкаў, сабраных аўтамабілістамі рэспублікі ў якасці дзяржаўнай пошліны за выдачу дазволу на допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў руху. Гэтыя грошы выдаткаваныя на рэканструкцыю і капітальны рамонт рэгіянальнай дарожнай сеткі.
Як паведаміў намеснік начальніка галоўнага фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Яўген Каросцік, спагнанне пошліны некалькі палегчыла фінансаванне з абласнога бюджэту дарожных арганізацый Віцебшчыны. Атрымалася ўзяцца за буйныя праекты: працягваецца рэканструкцыя аварыйнага моста па вуліцы Бабкова ў Оршы, капітальна адрамантаваны дзве вуліцы ў Гарадку, годны выгляд здабылі Маскоўскі праспект, вуліцы Церашковай, Ленінградская, пашыраны праблемны ўчастак на вуліцы Леніна ў Віцебску.
З 1 студзеня сумы пошлін выраслі на 1-2 базавыя велічыні (напрыклад, для фізічных асоб, якія валодаюць аўтамабілем масай 1,5-2 тоны, яна складае 6 базавых або 180.000 рублёў).
Змяніўся і прынцып размеркавання атрыманых сродкаў: створаны Рэспубліканскі дарожны фонд, і сумы па абласцях цяпер вылучаюцца ў выглядзе мэтавых субвенцый. На месцах спецыяльныя камісіі вырашаюць, на якіх аб'ектах яны будуць асвоены.
У галоўным фінансавым упраўленні аблвыканкама паведамілі, што ў бліжэйшых планах - працяг рэканструкцыі моста ў Оршы і ўзвядзення Полацкага пуцеправода ў Віцебску. Мясцовыя ўлады таксама абяцаюць не абыйсці ўвагай вуліцы Гагарына і Церашковай у абласным цэнтры. Запамогай для гэтага стануць каля 130-135 млрд рублёў, якія Віцебшчына разлічвае ў гэтым годзе дадаткова атрымаць з Рэспубліканскага дарожнага фонду.
Сродкі ад новай пошліны - далёка не ўсе грошы, якія трацяцца на нашы дарогі. На прадпрыемстве "Витебскавтодор", якое абслугоўвае амаль 3 тысячы кіламетраў дарог рэспубліканскага ўзроўню, паведамілі, што ў мінулым годзе на іх рамонт і абслугоўванне з рэспубліканскага бюджэту выдзелена 559.200.000.000 рублёў. Па выніках года прадпрыемства ўвяло ў строй 10,4 км новых дарог, 10,3 км - капітальна адрамантаваны, пабудавана амаль 50 пагонных метраў мастоў.
На прадпрыемстве "Віцебскаблдарбуд", якое абслугоўвае пераважна дарогі мясцовага значэння, паведамілі, што ў мінулым годзе на гэта з абласнога бюджэту выдзелена 181.700.000.000 рублёў (43,4 з іх - пошліна). Дзякуючы гэтаму ўдалося адрамантаваць, рэканструяваць і правесці капітальны рамонт 8,1 км дарог і 157,3 м мастоў.
Крыніца tut.by