Калектыў "Звяз" выйграў сёмую гульню з адзінаццаці праведзеных "Мазгабоен". І здолеў паўтарыць свой жа рэкорд, зноў выйграўшы дзве запар гульні. Аднак калі 19 траўня "звязаўцы" перамаглі з адчувальнай перавагай, то 2 чэрвеня ім давялося надта пастарацца, каб здабыць запаветныя 1,5 літры шампанскага. Сустрэча эрудытаў зноў адбылася ў спорт-бары "Ліга". "Звяз" быў лідэрам усю гульню, аднак на хвасце ў яго віселі навічкі з каманды "Залётные". Гульцы гэтай каманды - аршанцы, аднак пастаянна жывуць у іншых гарадах. З'яўленне гэтай каманды расквеціла гульню.
Першы тур быў лёгкім для многіх каманд. Такога, здаецца, яшчэ не здаралася, каб адразу 9 каманд з 13 набіралі 100% пунктаў, то бок 7 балаў з 7. "Звяз" жа з "Залётнымі" мелі максімальны вынік 14 з 14 і пасля двух тураў, калі астатнія каманды пачалі памыляцца.
У другой палове гульні выдатна праявіла сябе каманда "Тусим", яна стала падбірацца да лідэраў, а ў апошнім туры, бліцы, паказала вынік 11 балаў! Столькі ж балаў у апошнім туры набрала каманда "Лаві вавёрку!", больш толькі ў "Звяза" - 12 балаў. "Залётные" ў апошнім туры сабралі ўраджай толькі з 5 балаў, у выніку апынуліся на 4-й пазіцыі. Тройку замкнула "Ника", срэбра дасталося камандзе "Тусим", а першымі з адрывам у 2 пункты сталі "звязаўцы".
Першы сезон Мазгабойні ў Оршы амаль скончаны. 14 альбо 15 чэрвеня адбудзецца Ліга чэмпіёнаў, у якой прымуць удзел 5 каманд, якія выйгралі хаця б адну з папярэдніх 11 гульняў. Астатнія каманды могуць заявіцца на вечар і паўдзельнічаць па-за конкурсам.