Гарадскі стадыён Оршы апошнім часам стаў у некаторым сэнсе крэпасцю, куды дапускаюць не ўсіх. Калі раней на арэну маглі прыйсці пасядзець закаханыя парачкі, маладыя пары з дзецьмі, іншыя людзі, дык цяпер на стадыёне ўведзены негалосны рэжым строгасці. На трыбунах сядзець нельга, да некаторых людзей, якія проста хацелі прагуляцца па стадыёне, падыходзілі работнікі і прасілі сысці, прычым адбывалася гэта не ў той час, калі зачыняецца брама на ўваходзе.
Пры тлумачэнні сваіх дзеянняў работнікі спасылаюцца на правілы наведвання стадыёна, якія размешчаны на ўваходзе. Аднак там пункту, напрыклад, пра забарону прысутнасці на трыбунах тэніснага корту не напісана ані слова!
Акрамя таго, на стадыёне здзяйсняецца відэаназіранне, што, здавалася б, павінна выключыць падобныя выпадкі. Паводзіны людзей, якія заходзяць на стадыён, можна адсачыць па відэакамеры і, калі яны нічога не парушаюць, дазволіць ім спакойна гуляць ці сядзець. Аднак адміністрацыя стадыёна загадвае работнікам замест камер сачыць за людзьмі. Дайшло нават да скандальнага выпадку, калі з трыбуны пачалі выганяць аднаго са спартоўцаў, які загадзя прыйшоў на трэніроўку!
Дык можа відэаназіранне працуе на стадыёне так жа, як і мачты з пражэктарамі, то бок амаль ніколі?