Новыя рублі, якія запушчаны ў выніку дэнамінацыі, толькі пачынаюць свой ход, яшчэ ўбачылі не ўсе аршанцы - некаторым і ў першыя два дні ліпеня выдавалі рэшту старымі грашыма. Чэргі ў крамах істотна запаволіліся - прадаўцы звыкаюцца да новых лічбаў у коштах тавараў. Аднак некаторыя прадаўцы ўжо зразумелі, што новая валюта - сродак да асабістага ўзбагачэння.
Журналісты нашага сайту зафіксавалі некалькі скаргаў ад людзей, якіх спрабавалі падмануць пры выдачы рэшты. Калі замест 1 рубля выдавалі 10 капеек і гэтак далей. Прыкрыя моманты адбываліся, прынамсі, ва ўстановах Замосця, Раніцы, Рэмзавода. Некаторыя ўвішныя прадаўцы спрабавалі пры выдачы рэшты нібыта "забыць" выдаць чэк пра набыццё тавару, але пры абурэнні кліента адразу ж рабілі гэта, выдавалі рэшту правільна і выбачаліся за сваю "няўважлівасць". Магчыма, у кнігах скаргаў аршанскіх крамаў бліжэйшым часам з'явяцца некалькі запісаў.
Пакуль старыя грошы яшчэ вельмі актыўна ходзяць па руках людзей, мы раім людзям асцерагацца фальшывых новых купюр, старанна пералічваць грошы і заўсёды патрабаваць чэк аб паслугах. Гэта дазволіць пазбегнуць падману і прыцягнуць таго, хто спрабаваў ашукаць вас, да адказнасці.