У Беларусі стартуе эксперымент па мастацтве валодаць нажніцамі. У адмысловай перасовачнай цырульні на колах за 21 дзень будуць пастрыжаныя жыхары 12 гарадоў. Прычым бясплатна. Удзельнічаць у праекце будуць цырульнікі з Менска і тых гарадоў, куды будзе прыязджаць арыгінальная цырульня. Як паведаміла прэс-служба Міністэрства гандлю Беларусі, эксперымент прыдуманы ў межах тэставання новых форм абслугоўвання кліентаў, забеспячэння даступнасці паслуг цырульніка і, у прыватнасці, гэта датычыцца сельскай мясцовасці. У Оршы перасовачная цырульня будзе 7 ліпеня.
Пачынаецца праект 1-2 ліпеня ў Браславе. Затым стылісты адправяцца ў Наваполацк (4 ліпеня), Віцебск (5-6 ліпеня), Магілёў (8-9 ліпеня), Бобруйск (10 ліпеня), Гомель (11-12 ліпеня), Тураў (13 ліпеня), Пінск (14 ліпеня), Берасце (15-16 ліпеня), Гародня (19-20 ліпеня) і Ліду (21 ліпеня).