Папулярная ў Беларусі гульня прыйшла ў Оршу ўвосені 2015 года. Літаральна за паўгода і аршанцы зразумелі: сярод іх таксама ёсць нямала эрудытаў, здольных паказваць высокія вынікі. Аформілася некалькі калектываў, якія рэгулярна гуляюць у “Мазгабойню”, вечары парой былі вельмі спякотнымі, а інтрыга трымалася да самага канца. Былі і агульнапрызнаныя фаварыты, на гульні прыязджалі і каманды з іншых гарадоў. 8 з 11 гульняў першага сезону выйграла каманда “Звяз”, у канцы была арганізавана рашаючая сустрэча, якая атрымала назву “Ліга чэмпіёнаў”. Туды трапілі пяць камандаў, усе, якія хаця б аднойчы святкавалі перамогу ў гульнях.
На фінішнай гульні вядучая “Мазгабойні” Ірына Піліпенка зноў радавала інтэлектуалаў хітрымі пытаннямі, а каманда “Звяз” зноў святкавала перамогу, каманды “Кому не лень” і “Соучастники” заваявалі 2-е і 3-е месцы адпаведна, чарговы раз даказаўшы свой вельмі высокі ўзровень.
На першую гульню другога сезону “Мазгабойні”, якая адбудзецца 7 ліпеня а 18:30 ў спорт-бары “Ліга”, ужо зарэгістравалася 8 камандаў, месцы яшчэ застаюцца. Калі вы адчуваеце ў сабе сілы і жадаеце паспрабаваць сябе – арганізатары запрашаюць да гульні. Зарэгістравацца можна ў суполцы “Мазгабойня ў Оршы” Укантакце.