Знакаміты падвясны драўляны мост цераз Аршыцу, які знаходзіцца непадалёк ад завода "Чырвоны барацьбіт" і вуліцы Энгельса, быў зламаны. Старыя дошкі не вытрымалі напружання, а магчыма, і хуліганскіх дзеянняў невядомых ліхадзеяў. У адным з месцаў мост быў праламаны так, што засталася пара дошак, па якіх яшчэ можна было прайсці, не пераскокваючы над ракой.
Аднак паломку аператыўна выправілі, і залаталі дзюрку, якая зеўрала над ракой, новымі дошкамі. Варта нагадаць, што для жыхароў прыватнага сектару вуліцы Пралетарскай, вуліцы Энгельса і дзясяткаў прылеглых завулкаў драўляны падвясны мост мае агромністае значэнне. Да бліжэйшага мураванага маста далекавата, а таму найбольш аптымальнай бачыцца пераправа менавіта цераз гэты невялічкі мост.