Супрацоўнікі Ўпраўлення і аддзела па наркакантролю Аршанскага РАУС затрымалі 22-гадовых хлопца і дзяўчыну. Яны былі затрыманыя пры закладцы чарговай партыі спайса ў прыватным сектары. Менавіта гэтыя маладыя людзі арганізавалі інтэрнэт-краму па продажы спайсаў у Оршы. Дзяўчына працавала ў шапіку “Белсаюздрук”, а хлопец сядзеў без афіцыйнай працы, але не без справы. Свой занятак ён знайшоў у вырабе наркотыкаў. У Менску ён набываў неабходныя рэагенты, прыязджаў у Оршу і на ўласнай кватэры займаўся вырабам чарговай партыі на продаж. Так сама, як паведамляе абласная міліцыя, спайсы вырабляліся і на кватэры саўдзельніцы, якая пражывала ў кватэры адна.
Гандляры прадавалі па 1-3 грамы маладзёнам і за два месяцы, колькі існавала незаконная крама, зарабілі каля 1,5 тысячы новых рублёў. Грошы ад спажыўцоў спайсаў злачынцы атрымлівалі на электронны гаманец. Чатыры пакуначкі былі канфіскаваныя ў хлопца, у дзяўчыны тры, у зробленай ў прыватным сектары закладцы былі знойдзеныя яшчэ чатыры пакуначкі мікса. На адной з дзвюх кватэр, дзе вырабляліся наркотыкі, супрацоўнікі міліцыі знайшлі яшчэ шэсць пакуначкаў і спіс закладак па ўсёй Оршы.
Наркадзеячы змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання, ім інкрымінуюць частку 3 артыкул 328 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсараў). Маладзёнам пагражае ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Цікава, што хлопец, які і арганізаваў нелегальны бізнэс, раней да крымінальнай адказнасці ніколі не прыцягваўся.