Трохпавярховы дом пабудаваны ў 1956 годзе. У ім 16 кватэраў, на першым паверсе крама, бібліятэка і былы кафетэрый, зачынены прыблізна два дзесяцігоддзі таму. Астатняя частка дома - жылыя кватэры. Калі вясной 2013-га ў доме пачаўся капітальны рамонт, жыхары дома ўзрадаваліся. Паводле жыхароў, на словах ім паабяццалі правесці гарачую ваду і абсталяваць санвузлы кватэраў душамі. Тым жа, хто не чакаючы капрамонту ўсталяваў сабе ў кватэрах ванны, абяцалі аформіць іх па ўсіх правілах, каб не давялося ўзгадняць перапланіроўку кватэры.
Але непаразуменні з выканаўцамі рамонту - Аршанскай дыстанцыяй грамадзянскіх збудаванняў (ДГЗ) - пачаліся амаль адразу. Першыя непаразуменні тычыліся нішаў для батарэяў ацяплення. Да рамонту батарэі знаходзіліся пад вокнамі ў адмысловых нішах. Паводле праэкту нішы павінны былі быць закладзеныя, а батарэі высунуцца з-пад падваконняў прыблізна на 15-20 сантыметраў. Канешне, гэта не зусім задаволіла жыхароў, але ў вусных асабістых размовах з адказнымі работнікамі ДГЗ быў дасягнуты кампраміс - нішы будуць закладзены не цалкам. Праз некаторы час тыя ж адказныя работнікі пачалі адмаўляцца ад таго, што мелі размовы і быў кампраміс. Такім жа чынам аказалася, што не было абяццанняў і пра душавыя. На новыя размовы з жыхарамі няшчаснага дома ДГЗ-саўцы ішлі без ахвоты, больш за тое, менавіта жыхароў пачалі абвінавачваць, што рамонт ідзе не па плану, а некаторым проста адкрыта хаміць.
Прыйшла і іншая бяда - у плане рамонту закладзены знос вулічных сараеў, якія ў свой час выкарыстоўваліся для захавання вугля. З аднаго боку, выгляд сараеў, насамрэч, непрыглядны. З іншага боку, падвал дома разлічаны толькі на 8 сараеў (а кватэраў 16), у хатах кладоўкі перароблены ў свой час пад санвузлы, а балконы ёсць толькі ў кватэрах на трэцім паверсе, адпаведна, падзець сезонныя рэчы (лыжы, ровар, штучную елку ды і проста захоўваць бульбу) проста няма дзе. Больш за тое, пасля сканчэння восенню сезона работаў, падвал аказаўся забіты будаўнічым смеццем (на прэўю-фота).
Скончыўся сезон работаў, але не скончыўся капітальны рамонт. На тайм-аўт, звязаны з зімой, дом і будаўнікі сыйшлі з наступнымі вынікамі паводле спісу асноўных запланаваных работаў з 16 пунктаў:
1. Рамонт даху (замена) з уладкаваннем арганізаванага вадастоку. Выканана цалкам, але, прынамсі, у адной кватэры нашыя карэспандэнты выявілі дзіркі ў столі.
2. Уцяпленне чардачнага перакрыцця. Выканана без праблемаў
3. Уладкаванне казыркоў над уваходамі. Не выканана цалкам
4. Замена ваконных блокаў на блокі ПВХ. З 16 кватэраў цалкам або часткова блокі замененыя ў 12. Пры тым, што па словах шэраговых будаўнікоў, закуплены блокі на ўсе кватэры. Шмат у якіх кватэрах да вокнаў не ўсталяваныя адкосы.
5. Замена ўваходных дзвярных блокаў (пад'езды). Выканана цалкам.
6. Уладкаванне адмосткі. Высветліць на 100% выкананне гэтай работы не ўдалося, нашыя карэспандэнты слядоў свежасці адмосткі не пабачылі, а тое што ёсць, засыпана будаўнічым смеццем і пакрыта брудам так, што на новую зусім не падобна.
7. Рамонт пад'ездаў. Выканана. Пасля рамонту лесвіцы засталіся бруднымі, з плямамі акрылавай фарбы. Паштовыя скрыні не мяняліся, былі пафарбаваныя старыя, на дне скрыняў таксама прысутнічае будаўнічае смецце.
8. Уцяпленне фасадаў. Выканана цалкам.
9. Замена магістралей сістэмаў ацяплення. Праверыць не атрымалася.
10. Замена стаякоў ацяплення. У краме і бібліятэцы цалкам знялі батарэі ацяплення. Усю зіму яны правялі, грэючыся ад двух тонкіх трубак, якія пастаўлялі цяпло ў жылыю частку дома.
11. Устаноўка абсталявання вузла кіравання. Пад канец сезону, быў усталяваны бойлер, але памеры і магутнасць бойлера былі не тымі, якія жыхарам абяццалі перашапачаткова.
12. Замена сетак водазабеспячэння, каналізацыі, падключэнне гарачага водазабеспячэння. Гарачая вада не падключана да гэтае пары. Труба каналізацыі праходзіць у падвале нічым не прыкрытая.
13. Усталёўка пажарных апавяшчальнікаў. Выканана цалкам
14. Замена сетак электраасвятлення. Асвятленне ў пад'ездах павінна спрацоўваць на датчыкі гуку. Але датчыкі спрацоўваюць не заўсёды.
15. Добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Ні каля крамы, ні каля бібліятэкі, ні ў двары вулічнага асвятлення няма. Пры гэтым, прылеглая тэрыторыя густа засеена рэшткамі будаўнічага смецця. У выніку стварэння фотарэпартажу, адзін з карэспандэнтаў сайту падвярнуў нагу.
16. Знос існуючых сараеў. Не выканана і выклікае спрэчкі паміж выканаўцамі работаў і жыхарамі дома.
Жыхары дома неаднаразова пісалі ў розныя інстанцыі па пытанні душаў і сараеў. Часцей за ўсё атрымлівалі адпіскі. Аднойчы напісалі ў адміністрацыю прэзідэнта. 20.09.2013 з адміністрацыі прыйшоў адказ, што іхны ліст накіраваны ў Аршанскі выканкам, з выканкаму адказу жыхары не атрымалі да гэтае пары.