1 USD
= 2.44 BYN
1 EUR
= 2.83 BYN
10 PLN
= 6.19 BYN
10 CNY
= 3.81 BYN
100 RUB
= 3.43 BYN
100 UAH
= 9.31 BYN
09:00

+11

8 м/с

980 гПа

12:00

+12

8 м/с

979 гПа

15:00

+12

7 м/с

978 гПа

18:00

+13

8 м/с

975 гПа

21:00

+13

9 м/с

974 гПа

Орша, Грамадства

“Хрушы супраць”: у Оршы шмат пратэрміноўкі

01.03.2017 11:01

4822 прагляду, 65 каментароў

У разгорнутым інтэрв’ю для Orsha.eu валанцёры “Хрушаў супраць” распавялі пра гранты, крамы і сваю дзейнасць.

Грамадскі праект “Хрушы супраць” даволі хутка набыў папулярнасць у Беларусі. Маладыя людзі наведваюць крамы, здымаюць свае візіты на камеру. У гандлёвых кропках актывісты шукаюць пратэрмінаваную прадукцыю і, у выпадку яе знаходжання на паліцах крамы, пішуць заяву ў міліцыю. За халатнае стаўленне супрацоўнікаў да працоўных абавязкаў была аштрафавана ўжо не адна крама. Часта валанцёраў вінавацяць у “праплачанасці”, замежных грантах. Пра свае мэты, задачы, пра самы насычаны пратэрміноўкай горад “Хрушы супраць” у асобах актывістаў Алега Сапегіна, Арцёма Ісачэнкі і Юліі Малышавай пагадзіліся пагутарыць з нашым сайтам.

Раскажыце, калі ласка, як усё пачалося?

Мы самі выйшлі на арганізацыю “Хрушы супраць”, доўга глядзелі ролікі ў інтэрнэце і хацелі праверыць, а як жа сітуацыя ў нашых гарадах? Зайшлі ў краму “Доброном” у Віцебску, потым у другую, у трэцюю гандлёвую кропку. Выявілі там шмат пратэрмінаванай прадукцыі, зразумелі, што ў нас сітуацыя з гэтым нічым не лепшая. Таму вырашылі заняцца гэтай справай канкрэтна, першыя рэйды рабілі без назвы, а потым звязаліся з маскоўскім праектам “Хрушы супраць”, у асноўным дзеля таго, каб раскруціцца і даць людзям інфармацыю, што і ў іх гарадах ёсць актывісты, якія выяўляюць прадукты на прылаўках, што не павінны там знаходзіцца. Масквічы былі не супраць, і мы дамовіліся, што выкарыстоўваем іх назву, а яны могуць “заліваць” на свой канал тыя відэазапісы, якія ім спадабаліся.

Цікава ведаць, а вы правяралі прадукты так жа дасціпна да з’яўлення праекту, як вы робіце гэта цяпер?

Юлія: я заўважала пратэрмінаваную прадукцыю і раней. Яшчэ не была знаёмая ні з кім з рабятаў, пайшла ў краму раз, два, убачыла парушэнні. Потым нервы не вытрымалі, і на трэці раз я ўжо ўзяла камеру і адправілася здымаць тое, чым нас кормяць. Так мяне Арцём заўважыў і запрасіў.

Арцём: Нам патрэбна была вядучая-дзяўчына, прыгожая, з пастаўленым голасам і якая не баіцца канфліктных сітуацый, можа адстойваць свой пункт гледжання. Мы вельмі радыя, што Юля ў нас ёсць.

Алег: Я ўжо раней быў падпісаны на суполкі “Хрюши против”, “Лев против” і многія іншыя падобнага кірунку. Аднойчы зайшоў у краму “Чыгуначнік” побач з вакзалам у Оршы і ўбачыў там людзей з камерамі. Тады і вырашыў, што гэта неблагая ідэя правесці вольны для сябе дзень – хадзіць па крамах, выяўляць парушэнні і дапамагаць людзям атрымліваць якасныя паслугі і тавары.

Упершыню аршанскі сэрвіс на камеру для спецвыпуску сваёй праграмы зняла кампанія “Наш Дом”. Гэта было відэа пра рэстарацыю “Чердак” на чыгуначным вакзале горада. “Хрушы супраць” якім-небудзь чынам супрацоўнічаюць з “Нашым домам”?

Не, ніякага супрацоўніцтва паміж намі няма. Я патрапіў аператарам на праект “За гранью”, быў там, усё адбывалася пры мне. Але мы як праект з “Нашым домам” не супрацоўнічаем. І супрацоўніцтва з маскоўскімі “Хрушамі” цяпер хіба толькі ў назве. Адзінае, яны дапамаглі нам стварыць свой сайт hrushi.by, на які людзі могуць звярнуцца, каб паскардзіцца на нейкую краму альбо адшукаць спасылкі на законы, якія абараняюць правы спажыўца.

Раней “Хрушы” выкарыстоўвалі касцюмы ў сваёй дзейнасці…

Цяпер праект цалкам адмовіўся ад іх. Касцюмы захоўваюцца на складзе ў Маскве, іх выраблена больш за сотню, у свой час яны служылі абаронай валанцёрам, бо нярэдка іх збівалі. Тым болей гэта нязручна, за хімчыстку ці рамонт плацілі вялікія грошы. Выглядае гэта забаўна, бо касцюм свінні, якая да таго ж і на роліках катаецца – прыцягвае ўвагу. Але ўявіце выкарыстанне такога касцюма ўлетку. Валанцёрам было няпроста.

Як вы вызначаеце, куды пойдзеце далей?

У нас выбудоўваецца пэўная чарга. Фармуецца яна паводле прынцыпу, на што людзі паскардзяцца. Многія ўжо зразумелі, што не заўсёды ёсць сэнс пісаць у кнігу скаргаў, апеляваць да санстанцыі. Значна прасцей і эфектыўней напісаць нам, і тады сапраўды атрымаецца нейкае рашэнне праблемы. Як паказвае наш досвед, усе крамы, дзе мы бываем з рэйдамі, выпраўляюцца, хоць і не ўсе адразу. Рэзананс ёсць, а потым дзяржаўныя ўстановы ўжо не могуць прайсці міма. У Аршанскім райвыканкаме нам прызналіся, што збіраюць цэлы сход, калі выходзіць наш новы ролік. І яны абмяркоўваюць меры, якія варта прадпрыняць, каб больш сітуацыя не паўтарылася.

Юлія, вы асабліва запомніліся тым, што актыўна навучаеце прадаўцоў, патрабуеце ад іх выконваць свае абавязкі і своечасова прыбіраць “пратэрміноўку” з прылаўкаў. Наколькі часта сустракаецца неадэкватная рэакцыя?

Адзінкавыя выпадкі. У крамах збольшага пагаджаюцца з нашымі патрабаваннямі, прыбіраюць пратэрмінаваную прадукцыю з вітрынаў, у час нашага візіту ў краму MartInn на вуліцы Гомельскай у Оршы было бачна, што прадаўцам вельмі не падабаецца наша прысутнасць, яны незадаволеныя, але ўтылізуюць прадукцыю. А з той нагоды, што я так актыўна іх навучаю… У мяне ў самой двое дзяцей і я не магу прайсці міма, калі ў краме стаіць дзіцячы сок, тэрмін прыдатнасці якога скончыўся два месяцы таму. Адным вечарам маё дзіцё наліла малако, якое я толькі што купіла ў краме, у шклянку і сказала: “Мама, я не буду такое піць” Малако было кіслае, а тэрмін прыдатнасці выйшаў. Як можна такое прадаваць?! Вось уявіце сітуацыю: прыйшла ў краму бабуля, яна кепска бачыць. Бабуля і не дапускае думкі, што, напрыклад, сок можа быць пратэрмінаваным. І вось яна купіць такі сок і панясе ўнуку ў бальніцу, дамоў, да чаго гэта можа прывесці? Я мяркую, што толькі да кепскіх наступстваў, таму ў мяне няма іншага выбару, як толькі вучыць прадаўцоў якасна выконваць свае працоўныя абавязкі.

Колькі нерваў адымаюць размовы з міліцыяй?

Алег: Наогул не адымаюць. Я міліцыі не баюся, яна робіць сваю справу, прыехалі, запісалі. Хаця не заўсёды міліцыя адэкватная бывае. Бывалі і супрацоўнікі, якія даводзілі нам няправільнасць нашых дзеянняў. Але нездарма мы носім з сабой папку з выпіскамі з законаў, каб прадэманстраваць іх пры спрэчнай сітуацыі. Большай часткай міліцыя становіцца на наш бок. Мы не парушаем ніякіх законаў, нормаў.

Юлія: Так, міліцыя часцей за ўсё падтрымлівае менавіта нас, бо мы толькі паказваем, у чым няправільнасць працы крамы. Аднойчы ў нас быў выпадак, калі міліцыянт убачыў пратэрмінаваную прадукцыю, якую мы знайшлі на прылаўках, і схапіўся за галаву! Сказаў, што жонка заўсёды просіць яго глядзець на дату вырабу і дату прыдатнасці прадукта, а ён забывае гэта зрабіць. У міліцыянтаў таксама ёсць сем’і, і закупляюць прадукты яны ў тых жа самых крамах, дзе і іншыя людзі. А значыць, іхныя дзеці таксама могуць з’есці ці выпіць сапсутае, атруціцца.

Арцём: Вельмі важна, каб людзі навучыліся бараніцца ад няякаснай прадукцыі, каб людзей не трымалі за свінняў. Бо адміністрацыя крамаў, дзе на вітрынах ляжыць пратэрмінаваная прадукцыя, ставіцца да грамадзянаў як да свінняў. Супрацьстаяць гэтаму – наша прынцыповая пазіцыя і галоўная ідэя нашага руху.

Якая з гандлёвых кропак у Оршы выклікала найбольшы шок?

MartInn, напэўна. Знайсці цэлых тры вазкі пратэрміноўкі – гэта шок. Часта здараецца, што пратэрмінаванай прадукцыі не так і шмат, проста недзе ўпакоўка надарваная, дапусцім. А ў MartInn менавіта ляжала пратэрмінаваная прадукцыя. І калі ў іншых месцах пры нашым прыходзе супрацоўнікі хаця б пачынаюць бегаць па памяшканнях, мітусяцца і прыбіраюць пратэрмінаваную прадукцыю, то там ніхто нічога не рабіў, нібыта ім было ўсё адно.

А якая крама пакінула больш пазітыву?

Запамінаецца больш негатыў. Але ёсць і прыемныя выпадкі, напрыклад, у Магілёве ў двух пунктах сеткі “Азбука вкуса” мы не знайшлі пратэрміноўкі наогул. І калі нам недзе кажуць “Ідзіце папрацуйце, у любой краме так”, дык хочацца якраз прывесці ім у прыклад такія крамы, дзе працуюць нармальна і паважаюць сваіх наведвальнікаў. Аказваецца, можна працаваць не труцячы людзей, і нават у немаленькай краме.

Ваша другое наведванне крамы “Иваси” на праспекце Тэкстыльшчыкаў у Оршы справакавала вялікі скандал. Пасля першага візіту ў краме заляпілі скотчам упакоўкі з прадуктамі і вярнулі іх на вітрыну.

Мы наведалі шмат крамаў, але такога нахабства сапраўды нідзе не было. Трэба ж было дадумацца заляпіць упакоўкі скотчам! Да таго ж прадукты яшчэ і паляжалі без лядоўні пэўны час, а потым іх з “падсобкі” вярнулі на вітрыны, ды яшчэ і неахайна заляпілі скотчам. Выклікалі міліцыю, напісалі заяву. Як вынік, краму аштрафавалі на 30 базавых велічыняў. Выканкам спрабаваў з намі змагацца, бо спачатку там не зразумелі, хто мы, што мы. А потым убачылі, што гэта сапраўды карысная праца.

Звернемся да пытанняў, якія даслалі нам у рэдакцыю чытачы. Сергей: Что настолько всё ужасно, или вы показываете нам только плохое? У меня впечатление что нас кормят одной просрочкой, судя по вашим видео. Хотелось бы в дальнейшем видеть обратную сторону монеты, "нормальные" магазины без просрочки, ведь есть и такие. Большая просьба в дальнейшем показывать народу и "неудачные" для Вас рейды (без просроченных товаров). Это возможно?

Пачнем з таго, што ўсе запар крамы мы не наведваем. Ходзім толькі ў тыя крамы, на якія паступаюць канкрэтныя, абгрунтаваныя падрабязнай гісторыяй альбо фотаздымкамі скаргі. Мы прыходзім у крамы як звычайныя пакупнікі, і іншым людзям рэкамендуем часам проста не баяцца і бараніць свае правы. Сутнасць праекту не забаўляць людзей, не шоў, не праграма “Рэвізор”. Мы ў першую чаргу папросту дапамагаем людзям. Вось на той жа MartInn нам паступіла вельмі шмат скаргаў. Здаралася такое, што на скаргу мы прыходзілі ў краму, але вялікіх пытанняў там не знаходзілі. Паказваць крамы, у якіх няма праблемаў, няма сэнсу, бо мы звяртаем увагу якраз на тое, што трэба ліквідаваць. А калі будзем паказваць краму, у якой няма пратэрміноўкі ці яе колькасці зусім мінімальныя, пачнуцца зноў размовы “а, вам праплацілі, вы як рэкламшчыкі працуеце” і так далей.

Часта людзі пішуць пра “Еўраопт”, але чамусьці “Хрушы” туды не ходзяць… І чытачы нашага сайту таксама ўжо задаваліся такім пытаннем.

Арцём: Сапраўды, мы часта атрымліваем прэтэнзіі, скаргі на “Еўраопт”, аднак абсалютная большасць з іх нічым не абгрунтаваная, часцяком гэта проста словы “а вось цікава, як там, а вось схадзіце ў “Еўраопт”, то бок ніякіх доказаў таго, што ў “Еўраопце” сапраўды шмат пратэрмінаванай прадукцыі, мы не бачым. Выскажу сваё асабістае меркаванне адносна гэтай сеткі крамаў. Туды за прадуктамі прыходзіць вялікая колькасць людзей, тавары там не так і доўга ляжаць. Да таго ж у “Еўраопце” ніколі не было праблемы са штатам.

Юлія: Дадам, што за некалькі дзён да заканчэння тэрміну прыдатнасці крама робіць зніжкі, змяшчае тавар на “акцыю”, таму знайсці там шмат пратэрмінаванай прадукцыі амаль нерэальна.

Арцём: Так што, калі вы скардзіцеся на краму, прысылайце нам сапраўдныя доказы таго, што ў “Еўраоптах” людзей таксама кормяць пратэрміноўкай. У выпадку канкрэтных прэтэнзій да “Еўраопту”, мы пойдзем і туды. Ці хвалю я “Еўраопт”? Я бы асабіста не выбраў яго, для мяне тамтэйшы асартымент слабенькі, я хаджу ў “Валянціну”, мяне задавальняе.

Юлія: Зразумейце, ключавое значэнне мае не назва сеткі крамаў, а стаўленне персаналу да пакупнікоў. Я дапускаю, што які-небудзь іншы MartInn будзе вельмі адрознівацца ад аршанскага, можа там зусім няма пратэрміноўкі, і персанал уважлівы да пакупнікоў, разумее, як шкодна карміць кліентаў старым дзіцячым сокам.

У “Івасі” на Тэкстыльшчыкаў вы прыходзілі не аднойчы, тая ж сітуацыя і з крамай “Алмі”, з якой звязаны ўжо не адзін скандал. Вы наўмысна правяраеце па некалькі разоў?

Так, і ніяк іначай. Калі ў краме не разумеюць, што труціць людзей – пасадовае злачынства, ганебны ўчынак, мы прыйдзем туды і два, і тры, і хоць пяць разоў. У Віцебску ёсць адна такая крама, у якой так і не навучыліся прымаць кліентаў за жывых людзей, мы вымушаныя прымаць меры.

Чытач zloy запытвае яшчэ і пра праверкі на рынках…

Рынак няма вялікага сэнсу правяраць. Тое ж, што і віламі па вадзе. Мы чыста фізічна не зможам правяраць рынак. Калі мы знойдзем у кагосьці няякасны тавар, суседнія кропкі імгненна закрыюцца, сыйдуць адтуль на пэўны час. У нас на рэйдах максімум 5 чалавек. Гэта ў Маскве “Хрушы” неяк праверылі рынак, так у рэйдзе ўдзельнічала больш за 20 валанцёраў, і яны аператыўна “накрылі” няякасны тавар. Але ў цэлым адшукаць на рынку нейкія гнілыя бананы, памідоры амаль нерэальна. Людзі там працуюць на сваё імя, там бачная канкурэнцыя, і колькі ты прадаў, столькі і зарабіў.

Два пытанні паступілі ад карыстальніка з нікам sashok. 1. Адкажыце дакладна наконт фінансавання з Расеі, ці з'яўляецеся вы часткай іх праекта? 2. Праверце калі-небудзь ОРС - страшныя крамы. Там усе тавары здымеце з прылаўка.

У праекта ёсць некалькі аддзяленняў па Расеі, адкрылася і аддзяленне ў Беларусі, аднак акрамя выкарыстання назвы і агульнай стылістыкі іншай залежнасці ад праекту няма. Што датычыцца грантаў, якія атрымоўваюць “Хрушы”, то ў адмысловым конкурсе бярэ ўдзел менавіта маскоўскае аддзяленне, якое рэгулярна тыя гранты і выйграе. Многія аддзяленні нават з іншых расейскіх гарадоў не атрымліваюць тых грошай. З маскоўскімі калегамі мы абменьваемся досведам, яны дапамаглі нам адкрыць наш сайт, кансультуюць па нашых рэйдах у крамы. Так што тут пытанне фінансавання “Хрушаў супраць. Беларусь” выклікае ў мяне ўсмешку. Мы самі скідваемся грашыма на бензін, і едзем куды трэба. Няхай тыя людзі, якія вінавацяць нас у шчыраванні на маскоўскія гранты, падкажуць нам, дзе ж забраць тыя грошы?! (смяецца). Адкажам на другое пытанне карыстальніка. У гэтай скарзе на крамы ОРС я не бачу канкрэтных прэтэнзіяў. Апішыце хаця б сутнасць праблемы, а не агулам абвінавачвайце. Скажыце, у які дзень канкрэтна, які тавар быў пратэрмінаваны ці знаходзіўся на прылаўку ў неналежным выглядзе. Нам пішуць цяпер людзі з усёй Беларусі, на жаль, мы не можам ахапіць усю краіну, хаця нядаўна падключылі Бабруйск. Пакуль з сумам канстатуем, што менавіта Орша – лідэр па прыкрых сітуацыях у крамах, нідзе больш столькі пратэрміноўкі мы не знаходзілі.

Вы згадалі, што ў многіх аршанскіх крамах вам раюць ісці працаваць, заняцца справай…

Ой, і не толькі ў аршанскіх! Пакрыўджаныя прадаўцы, адміністратары, якіх злавілі на продажы пратэрмінаванай прадукцыі, імкнуцца плюнуць нам у спіну, напісаць на розных рэсурсах у інтэрнэце які-небудзь гадкі каментар. Раней мы яшчэ крыўдзіліся, абражаліся, цяпер жа не звяртаем на такое ўвагі. Часта мы заўважаем стыль прадаўца, які канфліктаваў з намі. Словы праяўляюцца і на пісьме. Чалавек падпісваецца якім-небудзь нікам, але стыль размовы выкрывае зацікаўленую асобу, якая паклёпам на нас спрабуе адвесці ад сябе падазрэнні ў халатных адносінах да сваёй працы.

У сувязі з тым, што вам пастаянна крычаць “уладкуйцеся на працу”, неабходна высветліць, дзе ж вы сапраўды працуеце?

Арцём: Я тэлеаператар.

Юлія: Я маці дваіх дзяцей, цяпер знаходжуся ў дэкрэтным адпачынку. А па прафесіі сакратар.

Алег: Я вучуся на 5-м курсе БДУ, працую менеджарам оптавага аддзела, але праца там з нехарчовымі таварамі.

Яшчэ адзін чытач праз сацыяльныя сеткі пакінуў паведамленне “Раз “Хрушы” такія разумныя, хай бы самі адчынілі сваю краму, у якой ніколі б не было пратэрміноўкі”.

Арцём: У мяне, дарэчы, была такая думка. Я не лічу, што гэта вельмі складана. Хіба патрэбны стартавы капітал.

Юлія: Ну пачакай, нам жа Пуцін заплаціць (калектыўны смех). А пакуль грошай не хапае даехаць туды, каб забраць свае грошы, да таго ж Масква вялікая, а нам не назвалі адрас (смяецца).

Арцём: Яшчэ раз хочацца сказаць усім, хто нас чытае: мы не ставім перад сабой задачы прыйсці і ўчыніць сварку, скандал у краме. Часта скандалы правакуюць самі работнікі крамаў, якія не жадаюць прызнаваць свае памылкі. Мы ж размаўляем культурна, спакойна. Нашы ролікі – своеасаблівы падручнік для людзей, як сябе паводзіць у крамах, калі вам прадаюць сапсаваныя прадукты, якімі можна атруціцца. У відэа мы якраз стараемся паставіць менш эпатажу, вострыя моманты часта выразаем, каб не траўмаваць псіхіку гледачоў нецэнзурнай лексікай, неадэкватнымі паводзінамі прадаўцоў. У Віцебску аднойчы прадаўцы настолькі не чакалі, што мы зловім іх на продажы сапсаваных прадуктаў, што разбівалі каля нашых ног шкляныя слоікі з хрэнам. Хаця любы канфлікт можна вырашыць мірна, прызнаць сваю памылку.

Падпішыся на навіны!

Падпішыся на навіны Оршы і рэгіёну і будзь першым, хто даведаецца самае важнае і цікавае

Обсуждение новости: “Хрушы супраць”: у Оршы шмат пратэрміноўкі

У разгорнутым інтэрв’ю для Orsha.eu валанцёры “Хрушаў супраць” распавялі пра гранты, крамы і сваю дзейнасць.

нет комментариев

станьте первым, кто начнёт обсужение

стать первым!

в соотеветсвии с действущим законодательством Республики Беларусь

комментарии могут оставлять только зарегистрированные пользователи

войти на сайт

ORSHA.EU - Оршанский региональный портал

При цитировании информации активная гиперссылка на orsha.eu обязательна. Использование материалов orsha.eu в коммерческих целях без письменного разрешения редакции не допускается

Если у Вас возникли вопросы по работе портала, есть пожелания и предложения или хотите прислать интересную новость - пишите на наш адрес электронной почты orsha.eu@gmail.com

Пользовательское соглашение