У Оршы працягваюць выяўляць фальшывыя купюры, пры тым, што такія выпадкі фіксаваліся яшчэ паўгода таму. Справа гэта адной злачыннай групоўкі, аднаго чалавека ці зусім розных крымінальнікаў - невядома. На гэты раз у нашым горадзе знайшлі падробленую купюру ў 50 еўра. Ідзе следства.
Раней па падазрэнні ў прадукаванні фальшывых грошай была канфіскавана ўся тэхніка з офіса Аршанскай кааліцыі дэмакратычных сілаў, дагэтуль яна вернутая толькі часткова. Ператрусы ў такіх жа падазрэннях прайшлі і ў кватэрах некаторых аршанскіх актывістаў і журналістаў. Натуральна, ніякай датычнасці гэтых людзей да злачынстваў з фальшывымі грашыма Следчы камітэт не выявіў. Дэмакраты называюць усе ператрусы і канфіскацыі палітычна матываванымі.
А тым часам фальшывыя грошы сапраўды распаўсюджваюцца па Оршы і ўсталяваць злачынцаў следству ніяк не ўдаецца. Застаецца спадзявацца, што вінаватыя будуць знойдзеныя.
А тым часам у Оршы скралі ровар "Стэлс" 2013 года выпуску. Злачынца падабраў ключ і вынес ровар з падсобнага памяшкання. Шкода склала 500 рублёў. Міліцыя высветліла, што злачынства здзейсніў непрацуючы аршанец 1998 года нараджэння.