У Кіеве прайшоў ІІ дзіцячы фестываль цыркавога мастацтва. Беларусь прадстаўляла Орша, а менавіта цыркавая студыя “Фантазёры” з нашага горада. Акрамя беларусаў, на фестываль прыехалі таксама цыркавыя артысты з Латвіі, Швейцарыі, Літвы ды Ізраіля. Натуральна, былі і прадстаўнікі краіны-гаспадыні, Украіны. Абодва нумары аршанцаў публіка ўпадабала і, што не меней важна, упадабала журы. Эквілібр “Блізняты” ў выкананні Ксеніі Курчанковай і Нікі Хмяльковай атрымаў прыз сімпатыяў члена журы. Такім прызам ацаніў выступ юных аршанак генеральны дырэктар Львоўскага дзяржаўнага цырка Раман Здрэнік, пішуць vitvesti.by. Добра праявіла сябе і ўжо вядомая чытачам нашага сайту Дар’я Башкова, якая раней перамагала на прэстыжных цыркавых конкурсах у Рызе і Даўгаўпілсе.
Дар’я ва ўзроставай катэгорыі 16-25 гадоў паказала гледачам эквілібр на катушках і была ўганараваная срэбраным медалём. Таксама спецыяльным прызам была ўзнагароджана і кіраўнік цыркавой студыі “Фантазёры” Святлана Раўкоўская.