64-гадовы мужчына выйшаў у Оршы прагуляць сабаку. Пайшоў, як піша "СБ", нецвярозы, пасля некалькіх грамаў бальзаму. Пакуль сабака атрымоўваў асалоду ад вечару і гарадскіх вуліц, пенсіянер вырашыў адпомсціць уладальніку пункта па прыёмы шкляной тары, з якім калісьці ў яго быў канфлікт. Ля гаража пенсіянер расстраляў машыну таго самага начальніка з газавага пнеўматычнага пісталета. Начальнік паспеў з'ехаць з месца падзей.
А вечар баявога дзядулі прадоўжыўся. П'яны пенсіянер напаў на двух людзей-сваякоў, якія ішлі ў свой гараж. Ён ударыў аднаго з іх, але тыя запатрабавалі адстаць ад іх і штурхнулі яго. А затым пенсіянер сустрэў гэтых жа дваіх людзей-сваякоў каля пад'езду і напаў у другі раз. На гэты раз пенсіянер дастаў пісталет-самапал, перароблены на баявы з сігнальнага. Ён двойчы стрэліў у жанчыну, але, на шчасце для ахвяры, самапальная зброя дала асечку. Тады пенсіянер прыняўся біць жанчыну пісталетам па галаве. У гэты момант падаспеў сваяк, які атакаваў агрэсара і паклаў таго на зямлю.
Але пенсіянер падняўся і скрыўся ў сябе ў доме. Зрэшты, сядзець ціха ў сваёй кватэры п'яны хуліган ужо не мог. Ён разграміў рэчы ў сваім жытле, і якраз тады прыехала міліцыя. У якасці матэрыяльнай шкоды суд прызначыў пенсіянеру штраф у 3,5 тысячы рублёў за пашкоджаную кулямі машыну. А сам хуліган правядзе ў калоніі ўзмоцненага рэжыму 6,5 гадоў.
У Аршанскім рэгіёне пенсіянеры часцяком не анёлы. За апошнія гады ў раёне і горадзе пенсіянеры стралялі ў зяцёў, замахваліся на забойства сякерай, разбойнічалі і кралі грошы.