Спакойны вечар аўторка ў мікрараёне раптам перапыніла гучнае выццё сірэн. Па вуліцы Воз-ан-Влен праехала цэлая калона, якая складалася з чатырох пажарных машын і адной машыны аварыйнай газавай службы. Крыху раней на пульт Аршанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб моцным задымленні першага пад'езда ў доме №6 па вуліцы Флёрова. Прыехаўшыя на месца ратавальнікі хутка знайшлі крыніцу дыму ў адной з кватэр. Як высветлілася пасля, мужчына, які пражывае ў ёй, паставіў рондаль на газ, а сам вырашыў прылегчы і непрыкметна для сябе заснуў. Абудзілі яго ўжо пажарныя, якія пачалі біцца ў дзверы.
Дзякуючы пільным суседзям, якія своечасова выклікалі ратавальнікаў па тэлефоне 101, да шкоды можна аднесці толькі згарэлы цалкам рондаль.