У Оршы здарылася крымінальная гісторыя з удзелам дырэктаркі адной агульнаадукацыйнай школы. 56-гадовая жанчына прадаставіла ў Аршанскі аддзел адукацыі фінансавыя дакументы, якія адлюстроўвалі ўвесь штат школы. Аднак пры праверцы высветлілася, што трое ставак насамрэч не існуюць - дворніка, вартаўніка і кухара. Дакладней, яны якраз існавалі, як і людзі, прынятыя туды на працу, аднак на самай справе ніхто з азначаных асоб у школе не працаваў. Фіктыўнае афармленне на працу было неабходнае троіцы дзеля таго, каб не трапляць пад дэкрэт аб дармаедстве. Насамрэч усе трое працавалі ў Расеі. Зарплату, якая налічвалася ўсім траім, забірала дырэктарка. Такі вось "бартэр" - адным фіктыўнае ўладкаванне на працу ў Беларусі, а працадаўца забірае ўсе грошы. Следства высветліла, што такім чынам дырэктарка пералічыла сабе 1700 рублёў.
За злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі жанчына была асуджана. Яна атрымала 1 год абмежавання волі і штраф 1150 рублёў.