У прыцныпе, хатнія і млыновыя жорны ў нашых краях не рэдкая знаходка — ці не ў любой вёсцы можна іх знайсці, калі добра пашукаць. А каля музея «Млын» проста на вуліцы выстаўлена цэлая калекцыя знойдзеных такіх экспанатаў, але такія жорны якія ўдалося знайсці ўладальніку аграсядзібы «Пуцяціна» Ігару Грышанаву — рэдкасць.
Жорны былі знойдзены на мяжы Талачынскага і Аршанскага раёнаў не далёка ад вёскі Рудня. Першапачаткова жорны не выдавалі нічога нечаканага, але калі старыя камяні новы гаспадар пачаў адмываць ад зямлі, то на іх з’явіліся выразаныя і пафарбаваныя малюнкі. І не спецыялісту бачна, што на жорнах выразаны геральдычныя львы, якія трымаюць шчыт з габрэйскімі літарамі. Пад ільвамі — у ніжняй частцы камня — на той жа мове напісана цэлая фраза.
Што азначае гэты малюнак павінны разбірацца спецыялісты. З вялікай доляй упэўненасці можна сказаць толькі тое, што надпісы зроблены на ідышы распаўсюджаным сярод беларускіх габрэяў — іўрыт быў адноўлены ўжо пасля пасля Другой Сусветнай вайны.
На дадзены момант жорны знаходзяцца пад Оршай у вёсцы Стаўры на аграсядзібе «Пуцяціна» ў мясцовым музеі. Ужо ў хуткім часе на аграсядзібе чакаюць замежных даследчыкаў, якія выказалі жаданне агледзець жорны і паспрабаваць усталяваць іх паходжанне.