Нагадаем, што ў гэтым месяцы на мяжы Талачынскага і Аршанскага раёнаў былі знойдзены ўнікальныя жорны. На жорнах выразаныя геральдычныя львы, нейкія літары на гербе і надпіс на нейкай габрэйскай мове (іўрыт ці ідыш). Жорны выклікалі інтарэс абазнаных людзей.
Дапамог у разгадцы таямніцы жорнаў ураджэнец Аршаншчыны, а цяпер грамадзянін Ізраілю мастак і выкладчык Уладзімір Паін. Па яго словах, надпісы на камяні зроблены ўсё ж такі на Іўрыце — мова якая лічылася і ў 19, і ў 20 стагоддзях мовай камунікацыі з Богам., а не на больш распаўсюджаным у нашых краях Ідышы.
Над гербам, які трымаюць львы намалявана карона. Львы і карона — сімвалы царскага дома Давіда. На самім гербе напісана «тут пахаваны, а ніжэй «Ісраэль» — імя пахаванага. Атрымліваецца, што камень з якога зроблены жорны гэта мацева — надмагілле. Нехта пасля пахавання (відавочна праз шмат часу пасля пахавання) забраў камень з габрэйскіх могілак і зрабіў сабе жорны. Але падобна, што жорнамі тымі так і не карысталіся па прызначэнні — інчай на іх сцёрліся б не толькі колеры фарбы, але і самі выразаныя малюнкі.
Але гэта толькі папярэднія высновы. У хуткім часе на аграсядзібу «Пуцяціна» дзе цяпер захоўваюцца жорны мусяць наведацца спецыялісты, якія будуць вывучаць жорны і іх гісторыю.