На парад 3 ліпеня ў гонар дзяржаўнага Дня Незалежнасці беларускія ўлады запрасілі расейскіх вайскоўцаў. У мінулыя гады на святкаванні запрашаліся ў тым ліку і вайскоўцы з тых брыгад, якія бралі ўдзел у анэксіі ўкраінскага Крыма. У 2019 годзе падыходы лукашэнкаўскай адміністрацыі не змяніліся, на парад зноў запрошаны расейцы, што нараджае лагічныя пытанні, а які Дзень Незалежнасці можна святкаваць з удзелам вайскоўцаў і тэхнікі краіны, якая ў гады пасля распаду СССР пачала шэраг канфліктаў, у тым ліку войны ў Малдове, Грузіі і Украіне?
У Оршы зафіксавана расейская ваенная тэхніка, якая была перапраўлена бліжэй да Менску на спецыяльных платформах па чыгунцы. Фотаздымкі зрабіла прадстаўніца Руху салідарнасці «Разам» Алена Талстая. На здымках, зробленых у раёне чыгуначнага вакзала, відаць бронетранспарцёры БТР-82А. Першыя з іх праехалі паўз Оршу не пазней за 20 чэрвеня. Характэрна, што Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь заявіла, што расейскія вайскоўцы для ўдзелу ў парадзе прыбылі 21 чэрвеня, што, відавочна, супярэчыць сабраным фактам.
Згодна з паведамленнем прэс-службы Заходняй вайсковай акругі ЗС РФ і з наяўнай інфармацыяй пра арганізацыйна-штатную структуру й склад Збройных сілаў РФ для ўдзелу ў парадзе ў Беларусь перакідваюцца вайскоўцы з складу 4-й Кантэміраўскай дывізіі (в/ч 19612, кіраванне — г. Нара-Фамінск Маскоўскай вобл.) і 27-й Севастопальскай асобнай мотастралковай брыгады (в/ч 61899, пункт сталай дыслакацыі — селішча Масрэнтген, Масква). Абодва злучэнні ўваходзяць у склад навастворанай 1-й танкавай арміі ЗС РФ. Відавочна, бронетранспарцёры 27-й АМСБр і патрапілі ў аб’ектывы сродкаў фотафіксацыі. Для ўдзелу ў парадзе ў складзе пешых і механізаваных разлікаў маюць перакінуць не менш за 300 вайскоўцаў ЗС РФ.
Болей за тое, у небе над Менскам будзе задзейнічаная й авіяцыя Паветрана-касьмічных войскаў РФ, меркавана пілатажная група «Бэркуты» з складу 344-га таржоцкага Цэнтру баявога выкарыстаньня й перавучваньня лётнага складу (гэлікоптэры Ка-52) і меркавана 47-га асобнага зьмяшанага авіяцыйнага палку (зьнішчальнікі-бамбоўцы Су-34). Авіяцыйная тэхніка гэтых падразьдзяленьняў раней ужо была зафіксаваная ў Беларусі падчас супольных стратэгічных вышкалаў «Запад 2017». Таксама ў паветранай частцы параду заплянаваныя палёты над беларускай сталіцай расейскіх шматмэтавых гэлікоптэраў Мі-8 і зьнішчальнікаў Су-30, паведамляе InformNapalm. — Асаблівай увагі таксама заслугоўвае яшчэ адно паведамленьне прэс-службы Заходняй вайсковай акругі ЗС РФ. Паводле інфармацыі гэтага падразьдзяленьня па сувязі з СМІ, яшчэ 18 чэрвеня вайскоўцы й баявая тэхніка ракетнай брыгады 1-й танкавай арміі ЗВА зьдзейсьнілі пагрузку на чыгуначныя плятформы й выправіліся ў Менск для ўдзелу ў парадзе 3 ліпеня.
Мова вядзецца пра перакідваньне ў Беларусь апэратыўна-тактычных ракетных комплексаў «Іскандэр» 112-й ракетнай брыгады (в/ч 03333, сталы пункт дысьлякацыі г. Шуя, Южны гарадок, Іванаўская вобласьць, РФ), — працягвае агенцтва. Адлегласьць ад мейсца дысьлякацыі вайсковай часткі да Менску складае 930 км і больш за 1000 км праз чыгуначнае спалучэньне. Гэта можа сьведчыць пра адпрацоўку апэратыўнага высоўваньня з пункту сваёй сталай дысьлякацыі ў прызначаныя пазыцыйныя раёны ў Беларусі, што можна разглядаць як пэўны элемэнт наступальных дзеяньняў.