Круглы стол рыхтаваўся амаль месяц, на яго былі запрошаны эксперты і чыноўнікі, але запрошаныя чыноўнікі амаль поўным спісам праігнаравалі мерапрыемства. Таму пасля выступу Ігара Грышанава — гаспадара аграсядзібы «Пуцяціна», дзе ўсё і адбывалася — слова далі эксперту. Супрацоўніца інстытута прыродакарыстання Акадэміі навук Вольга Крукоўская распавяла пра праблему чысціні паветра.
У апошні час у Оршы фіксаваліся перавышэнні ў паветры шкодных рэчываў, у прыватнасці фармальдэгідаў. Шмат хто з аршанцаў палічыў, што выкід фармальдэгіа мог адбыцца на Ільнокамбінаце. Вольга абмергла гэтую інфармацыю — фармальдэгіды у цёплае надвор’е могуць у паветры фармавацца і самі, напрыклад, ад шынаў аўтамабіляў ці ад сцірання асфальта і г.д. Увогуле тое, што прамысловыя прадпрыемствы — найбольш шкодны фактар забруджвання ў гарадах — гэта некаторае перабольшанне. Людзі і самі ўмеюць сябе труціць лепш за любое прадпрыемства. Так, напрыклад, у аршанскім прыватным сектары, які знаходзіцца побач з чыгункай (Заходняя, Замосце ды інш) шмат будынкаў самімі гаспадарамі пабудаваныя са шпалаў. Спісаныя драўляныя шпалы — гэта танны будаўнічы матэр’ял даступны для супрацоўнікаў чыгункі. Будавалі з іх і дамы, і лазні, і сараі. Але на вытворчасці шпалы прапітваюцца крэзотам, а гэта моцны канцэраген, які з вялікай доляй верагоднасці прыводзіць да раку ў гаспадароў такіх будынкаў. Пры гэтым у Оршы і сёння купіць старыя шпалы — не праблема, імі топяць печы выкідваючы шкодныя рэчывы ў паветра і такім чынам труцячы не толькі сябе, але і суседзяў.
Яшчэ адзін стэрэатып, які абвергла Вольга — тое, што харчы з прыватных падворкаў больш карысныя чым з прадпрыемстваў. Насамрэч, у большасці выпадкаў гэта не так. На пралдпрыемствах робіцца пастаянны кантроль якасці і чысціні харчоў. А ў многіх гаспадарках у тым што расце на гародзе можна знайсці шмат шкодных рэчываў. супрацоўнікі інстытута прыродакарыстання выяўлялі шкодныя рэчывы, нават, у яйках прыватных курэй. Адкуль яны там бяруцца? Ад таго, што гаспадары не вельмі разумеюць, што нельга паліць у печах. Так, некаторыя паляць у печы пластыкавыя бутэлькі ды іншае смецце. Потым як угнаенне гэты попел выкідаюць на гарод ці ў іншае месца дзе шкодныя ржчывы патрапляюць у глебу, з’ядаюцца птушкамі. Такім чынам, больш шкоды людзі робяць самі сабе.
У другой частцы размовы гаворка зайшла пра стан аршанскіх лясоў, тым больш, што спецыяліст з лясгасу на круглы стол прыйшоў. Першым слова ўзяў Канстанцін Анташкевіч, які паказаў спадаронікавыя здымкі Аршанскага раёна, па якіх бачнае змяньшэнне лясоў, хаця па афіцыйных дадзеных іх колькасць расце. На гэта адказаў супрацоўнік лясгасу, які падцвердзіў, што, сапраўды, колькасць лясоў вакол Оршы трохі расце. Але зараз той перыяд калі мы суб’ектыўна не заўважаем гэтага. Чаму так? Па-першае з-за зменаў клімату ў краіне стала значна больш шкодных насякомых, іх стала такая колькасць, што самі дрэвы справіцца не могуць. А адзіны эфектыўны метад змагання з шкоднікамі — вырубка хворых дрэваў. Пры гэтым, ніхто не можа даць гарантыі, што разам з хворым не будзе знішчана і здаровае дрэва. Такім чынам, колькасць вялікага лесу, сапраўды, змяньшаецца, але ж і высадак адбываецца вельмі шмат — больш чым спілоўваецца. Толькі лесу трэба каля 50 год, каб ён зноў стаў вялікім. Такім чынам, нашае пакаленне візуальна бачыць змяньшэнне лесу, але наступныя пакаленні пабачаць павелічэнне леса ў нашым рэгіёне.
Пасля абмеркавання праблемаў з экспертамі грамадскія актывісты яшчэ размаўлялі на тэму, што ў такой сітуацыі можна было б рабіць. І прыйшлі да высновы, што найбольш актуальна для Аршаншчыны гэта работа з насельніцтвам — трэба растлумачыць насельніцтву, якую шкоду людзі самі сабе могуць нанесці.
На фота: удзельнікі дыскусіі
На фота: колькасць лясоў вакол Оршы