Цэнтралізаванае тэставанне - важнейшы іспыт не толькі для выпускнікоў, але і для тых, хто іх вучыў. Сайт eschool.by з 2016 года збірае дадзеныя ЦТ і аналізуе, выпускнікі якіх навучальных установаў найлепш здаюць тэставанне. Мы таксама паглядзелі дадзеныя гэтага сайта і можам прапанаваць вам скарочаны рэйтынг лепшых навучальных установаў Аршаншчыны паводле сярэдніх лічбаў ЦТ.
Перад публікацыяй дадзеных варта зрабіць агаворку - у рэйтынгу прадстаўленым сайтам eschool.by улічваецца сярэдні бал усіх выпускнікоў, не ўлічваючы колькасць выпускнікоў. З-за гэтага ёсць некаторы перакос у бок вясковых школаў. Напрыклад Каралінская СШ Зэльвенскага раёна ў 2018 годзе стала самай лепшай па краіне, але ў іх ЦТ здаваў толькі адзін выпускнік які набраў сярэдні бал 87. У той час як знакаміты Ліцэй БДУ заняў 3 месца 82,52 баламі, але ў яго быў 151 выпускнік.
Пачнем з 2016 года. У гэтым годзе ў 10-ку лепшых школ нашага рэгіёна не патрапілі. Але калі вызначаць лепшых сярод нашых школаў, то па матэматыцы сярод сярэдніх школаў (ліцэі і гімназіі - у асобным спісе) лепшай сярод аршанскіх стала школа №12. Яе выпускнікі па гэтым прадмеце ў 2016 годзе ў сярэднім набралі 43,31 бал. І такім чынам гэтая школа па матэматыцы заняла 29 месца па краіне. Не далёка ад яе адыйшлі яшчэ дзве школы горада: школа №17 - 32 месца, школа №13 - 33 месца.
Па фізіцы адзнака для аршанцаў яшчэ лепш: школа №13 з 47,25 баламі паднялася аж на 14 месца і ў тым годзе не мела канкурэтнаў сярод іншых школаў аршанскага і суседніх раёнаў.
Па рускай мове самы высокі бал атрымала аршанская гімназія №2 - яе выпускнікі ў 2016 падняліся на 16 месца сярод іншых гімназіяў краіны, а гімназія №1 апынулася на 19 месцы. Сярод школаў лепшыя выпускнікі па рускай мове навучаліся ў СШ №21, але сярод школаў краіны іх сярэдні вынік толькі 50-ы - 53,52 балы.
Улічваючы вялікую колькасць дадзеных, рэйтынг лепшых школаў па выніках ЦТ мы працягнем заўтра і паслязаўтра. Заўтра на нашым сайце чытайце вынікі 2017 года, а 13 ліпеня - 2018 года.