Пенсіянерка з раёну прыехала ў Оршу па сваіх справах, зайшла і ў краму набыць прадуктаў. Але аказалася няўважлівай і пакінула гаманец. 82-гадовая жанчына звярнулася ў міліцыю і распавяла, дзе была і што рабіла. Пасля прагляду відэаматэрыялу з крамы, дзе закуплялася пенсіянерка, міліцыянты ўбачылі, як яна пакінула гаманец у кошыку. Сімптаматычна, што многія людзі бачылі чужы гаманец, але не звярнуліся да адміністрацыі крамы, прайшоўшы міма. Але, прынамсі, не забралі чужога.
Аднак адна жанчына прайсці міма не змагла. Яна забрала гаманец і расштрыбушыла яго. А праз тры дні патэлефанавала пенсіянерцы і паведаміла, што яе знаёмы акурат едзе праз яе вёску і перадасць дакументы і гаманец. Толькі вось грошай у гаманцы не аказалася. Міліцыя ўсталявала асобу зладзюжкі, ён аказалася 47-гадовая жыхарка Дубровенскага раёна. Цяпер яе чакае крымінальны пераслед.